Сэрца на далонi, частка 4
Страшэнна непрыемныя струменьчыкi холаду папаўзлi па спiне, як толькi яна падумала, што гэтая пышная, прыгожая жанчына з нахабнымi вачамi, якiя яна многа год ненавiдзела, прынесла ёй гора. У Галiны Адамаўны жыло цвёрдае перакананне, што з добрым намерам Гаецкая нiколi не з"явiцца. Тамара Аляксандраўна, прывiтаўшыся, адразу па-гаспадарску забралася ў зубалячэбнае крэсла, уселася, як царыца на троне, такая ж ззяючая, як панiкелiраваныя дэталi апаратуры. Галiна Адамаўна ўпусцiла ў ракавiну шчотку, непаслухмянай рукой закруцiла кран. Падумала: "Калi ў яе зубы, чорт з ёй, неабавязкова для такой мыць рукi". Нiколi яшчэ i нi пра каго яна так не думала. Спытала холадна-афiцыйна, як у зусiм незнаёмай, i троху недарэчна: - У вас - зубы? - У мяне - зубы, - з падкрэсленай iронiяй, блiснуўшы залатымi каронкамi, адказала Гаецкая. Ногi налiлiся холадам, яны сталi непаслухмяныя, але Галiна Адамаўна прымусiла сябе наблiзiцца i ўзяць iнструмент. - Сястрычка, iдзi пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць лекару, мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Сястра глянула на Галiну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: "Не трэба! Не выходзь!" Але замест гэтага яна чамусьцi, як вiнаватая, збянтэжана апусцiла вочы, i далiкатная сястра ўмiг знiкла. - Галя, дарагая мая, - адразу пачала Гаецкая, шчыра, ласкава, чым яшчэ больш насцярожыла Галiну Адамаўну, - я ведаю, ты ненавiдзела мяне. Але ты памылялася... "Чаму яна кажа мне "ты"? Мы нiколi не былi з ёй у сяброўскiх адносiнах". - ...Ты глыбока памыляешся. Нiколi я не пасягала на тваё шчасце. Нiколi не жадала табе кепскага. Твае i мае зайздроснiкi плявузгалi табе, хацелi сутыкнуць нас iлбамi. Павер мне, Галечка, я твой лепшы друг. Таму i прыйшла. Таму вырашыла сказаць. Не люблю пляткарыць... Але калi закранаецца наш жаночы гонар... Галiна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сцiснула яе. Чамусьцi з"явiлася жаданне ўдарыць Тамару Аляксандраўну. Вельмi блiзка былi яе вочы, яе твар. "Трэба адысцi. Трэба адысцi", - загадала яна сабе, аднак баялася скрануцца з месца. - ...Каб хто другi сказаў, не паверыла б. А то ж на свае вочы бачыла. На дачы вашай. I зразумела: частыя госцi яны там. Рыжая сястра. I яна... пацыентка яго... Можа, нiчога i няма памiж iмi. Але што падумаюць людзi? Гэта ж, ведаеш, хто? Дачка таго Савiча. Здраднiка. Тамара Аляксандраўна спадзявалася, што жонка Яраша, пачуўшы такое пра мужа, якому (Гаецкая гэта ведала) яна не верыла, кiнецца ў iстэрыку, закрычыць, наробiць шуму i яна, Тамара Аляксандраўна, пацешыць сваю душу такiм вiдовiшчам: гэта будзе помста i за тое, што Галiна некалi перахапiла Антона, i за яе шматгадовую нянавiсць. Але Галiна Адамаўна маўчала. Як скамянелая. Нiводная рыска не тузанулася на яе застылым твары. - Не верыш - спытай у людзей. Ды хiба ты не ведаеш, што ён жыў у iх, у Савiчаў, яшчэ ў акупацыю? А ты спытай у яго, як ён са сваiм неразлучным Шыковiчам дамагаўся ёй кватэру. Якую яны мэблю купiлi за свае грошы. Абсталявалi кватэрку - дай-дай. Усё як мае быць, на французскi манер. Не верыш? Уся трагедыя заключалася ў тым, што Галiна Адамаўна верыла. Верыла ўсяму, кожнаму слову. Ад гэтага ў яе муцiлася ў галаве. Быў момант, калi калыхнулася i адплыло крэсла i яна ўбачыла ажно тры Тамары, якiя зларадна скалiлiся. Яна ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госцi быў увесь час спачувальны цi абуральна-сур"ёзны. Нейкiм сёмым цi дзесятым пачуццём Галiна Адамаўна здагадалася, чаму прыйшла гэтая жанчына, i нiводным рухам не выдала свайго гора, болю, пакуты. Выдала толькi старую нянавiсць. Раптам працадзiла праз зубы: