Сэрца на далонi, частка 4
- Добра ўсюды мець сваiх людзей. - Як там наш аўтааматар? Яны не ведалi таго, што ведала яна. - Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нiчога не было. Абавязкова перадай. А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць. - Вы хацелi выгнаць яго з брыгады? Завошта? Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую вiну. Увогуле ён быў маўклiвы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другi, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля - сябе. Адчула смутак, нiбы ёй трэба было развiтацца з нечым вельмi дарагiм i паехаць у невядомае. Яраш i Маша разам выйшлi з бальнiцы. Скончыўся рабочы дзень, даволi напружаны - былi аперацыi, якiя заўсёды стамлялi. Славiк адчуваў сябе добра, нават мацi нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам i санiтаркам. Да аўтобуснай супынкi iшлi моўчкi. Свяцiла марознае сонца, якое, здавалася, прамянiла не цяпло, а холад. Снег пад нагамi ў прахожых звiнеў на сотнi ладоў. Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабiлася весела. Яна сказала: - Сёння я буду страчаць Новы год. Ох i пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзiнку, дык яна нейкая кiслая была. Засумавала. Антон Кузьмiч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год i нiчога не адказаў. Ён абяцаў ранiцай Вiцю i Наташы пайсцi з iмi на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад цi варта ў такi мароз выводзiць дзяцей у поле. Мацi, напэўна, будзе супраць. У апошнiя днi нечакана Галiна Адамаўна прыкметна змянiлася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знiкала напружанасць. Праўда, жонка iшла на прымiрэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымi сродкамi прымiрыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нiчым не паспяшаў падзей, але нiчым i не запавольваў iх. Няхай усё iдзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у iх гадах: менш гарачых прызнанняў у любвi - менш будзе трагедый, рэўнасцi i сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькi энергii i нерваў прыходзiцца трацiць на глупства? Калi гэта людзi стануць такiмi, каб разумелi адзiн аднаго ва ўсiм, у палiтыцы, навуцы, мастацтве, у сям"i, побыце? А можа, i не трэба такое iдэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей - закон жыцця i руху. Любоў i нянавiсць, любоў i рэўнасць, цяпло i холад... Многа i другiх думак роiлася ў галаве, пакуль Антон Кузьмiч, ужо адзiн, iшоў ад аўтобуса да свайго дома па цiхай вулiцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зiмы. Жонка сустрэла з большай прыветлiвасцю, чым праводзiла ранiцай. - Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед. Яшчэ адзiн крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клiнiцы i дома, над дысертацыяй, - самае дарагое. Трэба i яму зрабiць нейкi крок насустрач. Ён распрануўся i, памыўшы ў ваннай рукi, заглянуў на кухню, весела i смешна пацягнуў носам паветра. - Адгадаць? Гэта яго даўнi жартаўлiвы занятак - па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчаслiва засмяялася: - Не адгадаеш. I раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калiдор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку. Пачуўся яго ўстрывожаны голас: - Што здарылася? Што з ёй? Кiньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду. Галiна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухнi. Муж спешлiва апрануў палiто. Яна спытала асцярожна: - У аддзяленнi што-небудзь? - Не. Званiла Маша. Просiць зараз жа прыехаць. Вiдаць, нешта з Савiч. - Ён зашпiльваў гузiкi, рукi яго дрыжалi. "Як ён хвалюецца", - пабляднела Галiна i памкнулася да яго.