Сэрца на далонi, частка 4
- Давайце, грамадзянiн Дымар, без фiласофii. Што дало вам падставы напiсаць такую запiску? - Чуццё. Я ды каб не ведаў Савiча! Хе. Як аблупленага. Я нiколi не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў "мацаць", чым жа ён дыша. Даверлiва расказаў яму пра зверствы гiтлераўцаў. А ён кажа: мы самi вiнаваты. I супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савiч супраць партызан! Я падумаў тады: "Каго ты хочаш правесцi, доктар Савiч? Хе". - Ну i гнiда! - кiнуў Шыковiч з агiдай. Здраднiк уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, вiскнуў: - Прашу не абражаць! Я чалавек... - Якi ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!.. - Кiрыла Васiльевiч! - дакорлiва пакiваў галавой Сербаноўскi. - Калi да мяне будуць вось так, я не скажу больш нi слова. - I Дымар надзьмуўся, ужо з iнакшым выразам адвесiўшы скiвiцу. Шыковiч толькi цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабiлася так брыдка, што Кiрыла баяўся, каб не званiтавала. - Гэта вы засвоiлi, - сказаў Сербаноўскi, набiраючы нумар тэлефона. - Ало. Швагерава да мяне. - Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: - Свае правы вы засвоiлi, i сказаў Шыковiчу: - Аднойчы, калi ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, i я павысiў голас, ведаеце, што сказаў гэты "законнiк"? "Можа, ударыць хочаце? Ага, баiцеся! Не той час". Нiколi, нi ў якi час, я не стаў бы пэцкаць рукi аб вас, Дымар. Брыдка. Шыковiч спытаў ужо амаль спакойна? - Усё ж цiкава, што вас прымусiла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей. Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, i не адказваў. - Раскажыце, як вы сталi Беразоўскiм, - загадаў маёр. Здраднiк заплюшчыў другое вока i звесiў сiвую галаву на грудзi. Расказаў сам Сербаноўскi: - Вам гэта павiнна быць цiкава, Кiрыла Васiльевiч. Знiшчыўшы дакументы на Дымара, ён сiмуляваў прыступ эпiлепсii. Упаў на вулiцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапiў у бальнiцу. Апрытомнеў - цап-мац, пуста ў кiшэнях. Усё нiбыта вычысцiлi: дакументы, грошы, гадзiннiк. Прозвiшча? Беразоўскi, Сяргей Пятровiч. Па даведцы з бальнiцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лiчыўся ў рабочых цэментавых заводаў. Дымар на мiг падняў галаву, i дзiўная ўсмешка скрывiла яго бяскроўныя вусны. У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокiх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукi выдавалi чалавека фiзiчнай працы. Можа, таму недарэчнымi i непатрэбнымi здавалiся акуляры на яго барадатым шырокiм твары. Шыковiч угледзеў, з якой нянавiсцю зiрнуў на дзябёлага барадача мiзэрненькi Дымар. Швагераў - былы следчы палiцыi - прывiтаўся i дысцыплiнавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскi не паказаў яму, куды сядаць. - Ну, чым вы займаецеся? - спытаў маёр. - Аглядаю горад. Якi горад вырас! Якi горад! - i ўздыхнуў на поўныя грудзi не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго. - Горад - песня, - згадзiўся Сербаноўскi. - Песня?! Гэта вы добра сказалi. - Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцiнкай вочы. - Скажыце, Швагераў, што даносiў вам Дымар пра Кузьму Кляшча? Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкi. Швагераў задумаўся. - Я вам напомню. Пра таго хлопца, якi пакараў Лучынскага. - Ах, пра Яраша? - Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвiшча? - Пасля таго здарэння хутка ўстанавiлi, што нiякi ён не Клешч, а студэнт медтэхнiкума Яраш. Уся палiцыя была паднята на ногi, каб знайсцi яго. - Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савiча.