Сэрца на далонi, частка 4
Крокi ў калiдоры хуткiя, лёгкiя, але з цяжкiм поступам, аж, здалося, дрыжалi сцены i брынчалi шыбы. Яраш! Шыковiчы адразу абодва падхапiлiся. Чакалi, як найвышэйшага суддзю, - са страхам i надзеяй. Антон Кузьмiч у дзвярах звыклым рухам рукi ссунуў на падбародак павязку. Выгляд яго, суровы i велiчны ў асляпляльна белым каўпаку i ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянцiну Андрэеўну. Яна застыла з нямым пытаннем на твары, у вачах. - Нiчога. Арганiзм малады, здаровы. Аперыравалi своечасова. Адужае. Мацi ўзрадаваў яго бадзёры голас, яго лекарская ўпэўненасць, але адначасова непрыемна i ўразiла: лепшы друг сям"i, Яраш гаворыць пра Славiка як пра звычайнага хворага. - Мяне непакоiлi раны на галаве. Але яны дробязь. Рассек, вiдаць, казырком. А так зламаны ўсяго тры рабрыны... - Усяго! - жахнулася Валянцiна Андрэеўна. - ...Пералом рукi... Шок. Траўматычны. Гэта нам не вельмi падабаецца, але нiчога, цяпер мы ўзброены лекавымi ракетамi. Пусцiм у ход усе сродкi. - Яраш плюхнуўся, аж застагналi спружыны, у тое крэсла, дзе толькi што сядзеў Кiрыла, закiнуў нагу на нагу, дастаў з-пад халата гадзiннiк, глянуў: - О-о! З Новым годам, сябры мае! - З Новым... - горка ўсмiхнулася Валянцiна Андрэеўна. - Не вешай носа, Валя. Прыйшоў Новы год - прыйдуць новыя радасцi. Трэба нам з табой, Кiрыла, хоць спiрту па мензурцы цяпнуць за Новы год. - Трэба, - панура згадзiўся Шыковiч. Валянцiна Андрэеўна, не будучы нiколi ханжой, аднак, амаль узненавiдзела iх у гэты мiг, мужа i доктара, якi ўратаваў яе сына i якога яна ўвогуле богатварыла, - за тое, што ў такi момант, калi Славiк, можа, на валаску ад смерцi, яны збiраюцца пiць спiрт. Кашчунства! - Туды можна, Антон Кузьмiч? - Нельга. Зашываюць. Перавязваюць. Навошта мацi глядзець на гэта. Хутка яго прывязуць у палату. - Ты няўмольны. - Я няўмольны. Папяроска ёсць, Кiрыла? Ведаючы, што Яраш закурвае толькi ў выключных выпадках, Валянцiна Андрэеўна раптам зразумела, якой нялёгкай была для яго аперацыя, i ўмiг даравала яму i спiрт, i абыякава грубы тон. У калiдоры зашоргалi крокi людзей i шыны хiрургiчнай каляскi. Мацi насцярожана прыслухалася, а калi зразумела, што гэта, кiнулася да дзвярэй. Людзi ў белым правезлi каляску мiма яе. Яна не ўбачыла Славiка - адны бiнты. Жахнулася, але не закрычала, не заплакала. Моўчкi, вельмi асцярожна ступаючы, пайшла следам. У дзвярах пасляаперацыйнай палаты яе руку сцiснула чыясьцi вельмi далiкатная, мяккая i халодная рука. Валянцiна Андрэеўна павярнула галаву. Знаёмыя залатыя вочы глядзелi на яе з ласкавым спачуваннем, з тым разумным жаночым спачуваннем, якое не паглыбляе болю, не кранае ран, а прыносiць заспакаенне i надзею: побач добрыя людзi, яны адгоняць бяду. Апошняя думка была: "Толькi б не загарэлася. I не заклiнiла дзверцаў". Праўда, у мiлiцэйскай машыне Славiк апрытомнеў i хвiлiн колькi мацюкаў мiлiцыю. Нават спрабаваў выскачыць з машыны, што моцна ўзлавала добрага начальнiка. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Лекар раённай бальнiцы беспамылкова ўстанавiла дыягназ i сур"ёзна ўсхвалявалася за жыццё пацыента, хоць мiлiцыя i сказала ёй, што гэта вядомы злодзей-рэцыдывiст i ўмее хiтра прытварацца: паўгадзiны назад крычаў i рваўся з машыны, а цяпер, бачыш, ляжыць быццам нежывы. Нежывым позiркам ён сустрэў мацi, якая прыляцела на санiтарным самалёце. Гэта яе вельмi напалохала. Такiмi ж вачамi ён глядзеў на Яраша, калi яго прывезлi ў бальнiцу, не пазнаваў яго. Але Машу, здаецца, пазнаў: спрабаваў усмiхацца ёй i нешта гаварыць...