Сэрца на далонi, частка 4
- Не вый! - Але спахапiўся i сказаў да ўсiх з усмешкай, быццам бы жартам: - Што вы паселi, важныя, як суддзi? Судзiце. - I а-су-дзiм, - пагрозлiва, з нацiскам, праз зубы працадзiўшы склады, адказаў Ходас. Спынiўся перад Славiкам, выцягнуў з кiшэнi сцiснуты кулак. Брыгаду ганьбiць не дамо! - Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? - зморшчыўся Косця, просячы вачамi ўсiх, каб яны былi больш далiкатныя, не сварылiся. Адкуль столькi чуласцi i дабраты ў гэтага хлопца! - Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! - крыкнуў Ходас. - А ты - добранькi!.. Хрыстосiк!.. У Славiка захаладала ўсяродку. Пад нагамi, здавалася, калыхнулася падлога. Вось яно, прыйшло... Няўжо Нiнка зацяжарала i пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступiў пот. Здрадны пот. Выцерцi? Не. Славiк паварушыў пальцамi i адчуў, што яны злiплiся, быццам iх вымазалi смалой. - Чакай, - спынiў Тарас Ходаса, якi пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, i спакойна спытаў у Славiка: - Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нiнкай. Дзяўчына плача начамi... "Значыцца, не скардзiлася, а толькi плача, - узрадаваўся Славiк. - Тады адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!" Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны - наступленне. I закрычаў: - Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. I я табе адказаў. I табе адказаў! тыркнуў Славiк пальцам у Генрыха. - Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самi... Лезеце ў душу, дзе трэба i не трэба... - Не, дзе трэба! Дзе не трэба - не лезем, - адказаў Тарас i папрасiў ветлiва: - Не гарачыся, калi ласка. А Генрых з узнятай кнiгай ступiў да Славiка i сказаў са сваёй звычайнай разважлiвасцю: - Па маралi мяшчанскай мы, вiдаць, сапраўды не маем права лезцi ў душу, як ты кажаш, калi справа датычыць тваiх адносiн з дзяўчынай. А па маралi нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! - павярнуўся "прафесар" да Косцi i... сунуў яму ў рукi кнiгу, невядома навошта. - А ён плюе на нашу мараль! - нiяк не мог супакоiцца Ходас. - У яго свая, брадвейская... Выхоўваем... Даўно пара гнаць! - А я веру Славiку! Хiба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў? Славiк хмыкнуў: - Ты наiўны, Косця. Хiба не бачыш, што камусьцi хочацца мяне выжыць? - Ён нахiлiўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблiзку яму ў твар, у вочы, аскалiўся, як ваўчаня. - Што? Знайшоў прычыну, брыгадзiр? Хочаш адпомсцiць? Дык ведай. Я люблю Машу! Усе адразу сцiхлi. Тарас апусцiў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налiлася крывёю. "Я так i ведаў", - падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славiка i сказаў спакойна i цвёрда: - I я люблю Машу. Але помсцiць табе... - ён пакiваў галавой, - няма за што. I не думай, што нам прыемна разбiраць такiя справы. Вырашым так... Брыгадзiр рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такi рашучы выгляд, звычайна ён любiў параiцца, разважыць. - Вырашым так... Калi ты сумленны перад Нiнай, перад намi, - прыходзь заўтра ў брыгаду i - працуй. Мы слова больш не скажам. У камiтэце я ўладжу. Калi ж ты зрабiў подласць i не маеш мужнасцi прызнацца, - не прыходзь. - Ён вымавiў гэтае "не прыходзь" амаль шэптам, але выразна i цвёрда. - Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганiм з ганьбай! Славiк не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў - пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калi мацi ранiцой пачала будзiць яго, сказаў, што ў яго выхадны. Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нiкога бачыць, нiкому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго i ўсе адразу здагадаюцца. Падняўся - i адразу схапiўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясцiў, што чытаў яе дзённiк.