Сэрца на далонi, частка 4
- Вакулава, - паправiў Шыковiч. - Мне добра помнiцца, што начальнiк сказаў - Акулава. А можа, i не так... Столькi прамiнула год! Дык вось гэтая жанчына ў калiдоры гестапа, па дарозе на допыт цi з допыту, спрабавала вырваць у канваiра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна i хацела. Такi выпадак быў не адзiны. Скатаваныя людзi кiдалiся на аўтаматы. - Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савiча нiчога не сказана? - Нi следчы, нi суддзi, пэўна, не надалi запiсцы ўвагi i не нацiскалi на гэты факт. А каму, грамадзянiн начальнiк, хацелася браць на сябе лiшнюю справу? Каб атрымаць "вышку"? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з"явiўся. Шыковiч спытаў пра другiя групы, пра правалы - хто вiнаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна i, здавалася, шчыра, але не без хiтрасцi: стараючыся так падаць усё, каб нiдзе не ўблытаць сябе. А вядома, што "палiцыя агульнага парадку" крымiнальнымi злачынствамi займалася мiж iншым i ў большасцi выпадкаў забойцаў, рабаўнiкоў, зладзеяў рабiла правакатарамi, агентамi; галоўная дзейнасць палiцыi, у тым лiку i следчага аддзела, была скiравана на выкрыццё савецкiх патрыётаў, на дапамогу гестапа i СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзiў небяспечныя мясцiны. Але Шыковiч i Сербаноўскi ведалi значна больш, чым думалася Швагераву; мелi магчымасць супаставiць факты, параўнаць яго паказаннi з iншымi крынiцамi. Што-нiшто ён усё-такi праяснiў i ўдакладнiў. Раскрыў, напрыклад, структуру i метады шпiянажу, даўшы Кiрылу новы матэрыял для кнiгi. Калi нарэшце арыштаванага адвялi, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькi сведкам цi сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскi сказаў: - Вось цяпер, я думаю, нiхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запiску, карыстайцеся пратаколам допыту - i друкуйце. Толькi назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не iснуе пытання, хто ж такi доктар Савiч? - Асабiста для мяне яго даўно не iснавала. - Але патрабавалiся доказы. - Дзякую вам. - Няма за што. Святы абавязак. - Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра? - Няхай гэта застанецца нашай прафесiйнай тайнай. Яны хораша, з разуменнем усмiхнулiся адзiн аднаму, як два добрыя сябры, якiя агульнымi сiламi зрабiлi карысную справу. * * * - Хадзем да Зосi. Я люблю прыносiць людзям добрыя весткi. Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзiў па сваiм кабiнеце, прыгадваў паводзiны агента, калi той сачыў за iм, выкрываў фiласофiю здрады. Нечаканая прапанова Кiрылы захапiла яго знянацку. - Да Зосi? - Ён спынiўся каля акна i як бы раптам патух: уся яго магутная i прыгожая постаць у чорным свiтэры ў нейкi мiг зрабiлася каржакавата-нязграбнай. Ён згорбiўся, выгнуў шыю, быццам убачыў нешта незвычайнае ў белай ваце памiж рамамi. - Няўжо баiшся? - укалоў Кiрыла без злоснага намеру. Яраш крута павярнуўся да сябра. На твары яго з"явiлася пакутлiвая грымаса. - Я даў клятву... Галi. - Ух, людзi добрыя! Да чаго мы дажылi! - Я нiколi не парушаў сваiх клятваў. - Голас Антона Кузьмiча ўпаў да шэпту. Кiрыла ўзлаваўся. Падхапiўся, адскочыўшы ад крэсла, як гумавы мяч, пакацiўся да кнiжных палiц, што займалi ўсю сцяну. Загрымеў на поўны голас, забыўшыся, што ў суседнiм пакоi Наташа: - Ты прабач... Я паважаю клятвы... Паважаю Галiну... Але калi на кожны бабскi капрыз... Не будзе ж жыцця... Яраш знясiлена апусцiўся ў тое ж мяккае крэсла, дзе толькi што сядзеў Шыковiч, выцер далонямi твар.