Сэрца на далонi, частка 4
Месяц ён вадзiў яе ў кiно, у тэатр i гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзiў проста ў iнтэрнат, пакiдаючы ў строгай каменданткi свой заводскi пропуск. Сяброўкам яе па пакоi падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалi: "Ой, глядзi, Нiнка, загаворыць ён цябе". Другiя падбадзёрвалi: "Хапай, Нiнка, на ляту. Закруцi яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лiдка за iнжынера выскачыла. Цяпер вiтацца, зараза, не хоча". Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наiўную iлюзiю. Хiба адны прыгожыя падабаюцца? Славiк пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзi - у кiно, у тэатры, знаёмiў са сваiмi знаёмымi, прыгожа апранутымi хлопцамi i дзяўчатамi, i рабiў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з"яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было i другое: цяга чалавека, якi жыў у беднасцi i нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага. У тую нядзелю ён з"явiўся ў iнтэрнаце ранiцай i запрасiў яе на дзённы сеанс. А калi выйшлi з кiно, прапанаваў зайсцi да яго дадому. Нiнка на мiг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пiсьменнiк? Хiба гэта не цiкава? Адначасна мiльганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваiм бацькам. Славiк не прызнаўся, што дома нiкога няма. Бацькi разам з Ярашамi паехалi на дачу садзiць нейкiя адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якiя "стары конь" ездзiў ажно на Ўкраiну. Iра з курсам у калгасе, паехалi выбiраць бульбу. Славiк адчынiў дзверы i сам "здзiвiўся", што ў кватэры нiводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бiблiятэку, бацькавы кнiгi. Потым уключыў радыёлу i ўсё ставiў "нярасейскiя пласцiнкi". Пад гукi прыгожай i незразумелай музыкi выставiў на стол доўгую i тонкую пляшку, таксама не нашу. Вiно Нiнцы не спадабалася - кiсляцiна. Але яна ведала, што ўсе iнтэлiгенты п"юць чамусьцi кiслае, а не смачнае салодкае вiно, а таму асушыла два высокiя келiхi. I ёй стала хораша i весела. Яна сама прапанавала: - Давай патанцуем. Яна любiла танцаваць, а Славiк не. Ён хадзiў з ёй усюды, толькi на танцы ў заводскi Дом культуры не пайшоў нi разу. Яны закружылi ў кабiнеце вакол маленькага столiка, паўз шкляныя шафы, з якiх глядзелi на iх маўклiвыя i суровыя кнiгi. Славiк пацалаваў дзяўчыну. Нiнка шчаслiва засмяялася. Яна заўсёды так смяялася, калi ён цалаваў яе. Праходзячы мiма канапы, Славiк "спатыкнуўся" i... павалiў дзяўчыну на канапу. Пачаў цалаваць прагна вусны, шчокi, шыю. - Славiчак... Родненькi... не трэба, Славiчак... Пасля, пасля... даражэнькi... - шаптала яна, цалуючы з такой жа прагнасцю, балюча. Ён быў у тым узросце, калi снiў пра гэта. I думаў бясконца. I шукаў. Але адбылося зусiм не так, як у сне i ў думках... Калi праз хвiлiну наступiла працверазенне, ён замест задавальнення адчуў нешта зусiм супрацьлеглае - сорам само сабой, але яшчэ агiду, да гэтага, да сябе, да яе. Раптам убачыў, якая яна непрыгожая, Нiнка. I адразу чамусьцi ўспомнiў Машу, якую даўно не бачыў, але не забываў. Зашчымела сэрца. Нясцерпна захацелася, каб побач была Маша, каб яе рукi абдымалi, яе залатыя валасы датыкалiся яго шчок. I ўсё больш расла непрыязь да Нiны. Нават злосць... Чаму яна так лёгка аддалася? Можа, ён не першы?.. Як лашчыцца!.. - Славiчак... даражэнькi... цяпер мы звязаны з табой назаўсёды. Яго нiбы агнём апякло. "Звязаны... назаўсёды... Усё жыццё з ёй? З-за адной хвiлiны? Што яна вярзе? Чаго яна хоча?"