Сэрца на далонi, частка 4
I да ўсяго непрыемнага - яшчэ страх. Як удар. У галаву, у грудзi. Ажно пот выбiла. А ў гэты момант - званок. Яны падхапiлiся. Славiк спалохаўся, разгубiўся. Кiнуўся да радыёлы, выключыў. Настойлiва прагучалi кароткiя тры званкi. Iра! Так звонiць яна. А калi бацькi? Славiк уключыў радыёлу зноў. Крутнуў рэгулятар гучнасцi залiшне. Музыка запоўнiла кватэру. Здалося, што Нiнка знарок павольна наводзiць парадак у сваiм туалеце. I робiць гэта перад iм бессаромна. Славiк узненавiдзеў яе ў гэты мiг. Шыкнуў злосна: - Хутчэй! - i пабег да дзвярэй. Прыслухаўся. Доўгi званок. Але, Iра. Злуецца. Ён адчынiў. Сястра ляпнула яго па твары рукавiцай, з якой пасыпаўся пясок. - Соня! Не дазванiцца! У яго рыбацкай куртцы, у штанах, у акулярах яна падобна была на геолага. Кiнула шапку ў калiдоры на столiк i, нiбы ўчуўшы нюхам прысутнасць старонняга, заглянула ў кабiнет. Славiк убачыў, як Нiна, недарэчна (о, як недарэчна!) абшмаргнуўшы плацце, прывiталася, сарамлiва i лiслiва. Iра не адказала. Яна глядзела на незнаёмку амаль з жудасцю. Здавалася, не толькi вочы, але i акуляры яе расшырылiся. Потым кiнула позiрк на брата, позiрк бязлiтасны, знiшчальна-грэблiвы, крута павярнулася i пабегла ў свой пакой. Хаця б слова сказала. "Кобра!" - хацелася крыкнуць Славiку. Аднойчы, калi яны сварылiся, ён ляпнуў гэтую абразлiвую мянушку. Рэакцыя была нечаканая: на яго страшэнна ўзлавалася мацi, нiколi ён не бачыў мацi такой расхваляванай i злоснай. Таму ён баяўся гэтага слова. Не крыкнуў ён нiчога ўздагон сястры яшчэ i таму, што злосць на яе тут жа перайшла на Нiнку. Але, ва ўсiм вiнавата гэтая "дзятлiха". Не знайшла другога жэста, як абшмаргнуць плацце. Варона. Разгубленая, пакрыўджаная дзяўчына страцiла сваю ўпэўненасць i ад гэтага сцялася, змiзарнела. Апранала палiто i палахлiва азiралася. Але гэта яшчэ больш раздражняла Славiка. Фу, якая недарэка! Дзе былi яго вочы? Як ён мог звязацца з такой? Але за дзвярамi кватэры, на лесвiцы, Нiнка, як бы страсянуўшыся, як тая птушка, умiг набыла ранейшую ўпэўненасць. - Пыхлiвая якая сястра твая! Падумаеш, панi! - А што яна, цалавацца з табой павiнна была? - груба адказаў Славiк. - А чым я горшая за яе? У Славiка хапiла тактоўнасцi змаўчаць. Калi вёў Нiнку ў дом, тады ён не баяўся, што ўбачыць нехта з суседзяў. А цяпер баяўся. Узрадаваўся, што на лесвiцы нiкога не сустрэлi. Але на вулiцы было многа народу, i яму пачало здавацца, што многiя, асаблiва жанчыны, глядзяць на iх з разуменнем i насмешкай. Дагэтуль ён дэманстратыўна знаёмiў сваiх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай i пляваў на iх кпiны. Цяпер жа халадзеў ад думкi, што можа сустрэць каго-небудзь з гэтых сяброў. Вынаходлiвы i не дужа далiкатны, ён не мог прыдумаць, як пазбавiцца ад яе, застацца аднаму. А яна, як нiколi, стала гаманкая. Расказвае пра сваiх дзяўчат, што Верка збiраецца замуж. Яго спалохала гэтае слова - "замуж". Дайшлi да Палаца спорту, i ён узрадаваўся нечаканай думцы: - Я ў басейн. На трэнiроўку. ...Безумоўна, паводзiў ён сябе пасля як апошнi дурань. Не здолеўшы перамагчы сваю антыпатыю, не пайшоў больш у iнтэрнат, не запрасiў Нiнку нi разу ў кiно, пазбягаў сустрэчы адзiн на адзiн у цэху. Яна, аднак, праз колькi дзён падпiльнавала яго, заплакала: - Я табе аддала ўсё. А ты... Зняславiў, насмяяўся... З дзiцем хочаш пакiнуць? "З дзiцем", - во адкуль гэты страх. "Няўжо яна можа зацяжараць?!" - нi на хвiлiну не пакiдала яго думка з таго дня. Ён купiў тоўстую кнiгу "Акушэрства", прачытаў у пустым асеннiм парку ўсё пра цяжарнасць i закiнуў кнiгу ў кусты. Не, нiчога яшчэ яна не ведае. Але зацяжараць можа, калi не ад яго, то ад каго другога, ахвотнiкi знойдуцца. А звалiць на яго. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваў сябе, што Нiна абавязкова гэтак зробiць, i ўсё больш пачынаў ненавiдзець дзяўчыну за гэтую яе ўяўную каварнасць. Яе пагроза прыдушыць яго станiнай спалохала Славiка значна менш. Але ўстрывожыла Генрыхава пытанне. Што, калi яна расказала сяброўкам, а яны Косцю, якi жыве ў iнтэрнаце побач i часты госць у дзяўчат? Тады, напэўна, ужо ведае ўся брыгада. Даведаецца ўвесь цэх, завод. Чаго добрага, пачнуць разбiраць на сходзе.