Сэрца на далонi, частка 4

Сяргей Сяргеевiч сказаў спакойна, але з гнеўнай непрымiрымасцю: - Ух, з якой радасцю ты зрабiў бы iх правакатарамi i агентамi гестапа. Усiх. Нават Шыковiча, якi быў у армii. Гукан папярхнуўся кефiрам. А ў гэты момант Яраш у фае палаца раiўся з Кiрылам, якi выканаў сваё абяцанне - з"явiўся паслухаць садаклад сябра. Антон Кузьмiч выказаў сваю боязь, каб калегi не палiчылi яго крытыку Гаецкай за акт помсты. Ён не хацеў бы змешваць асабiстага з грамадскiм. Шыковiч, якi гадзiну гуляў па парку любаваўся залатой восенню i абдумаў цiкавы кампазiцыйны ход для наступнага раздзела сваёй кнiгi пра падполле, быў у бадзёрым i ўзнёслым настроi. Ён бачыў, што Яраш хвалюецца, i як бы радаваўся гэтаму: хоць раз угледзець сябра ў хваляваннi. Кiрыла слухаў яго з iранiчнай усмешкай. Перапынiў нечакана для Яраша, сказаў з вясёлай жорсткасцю: - Па-мойму, ты робiшся талстоўцам. Яраш здзiвiўся: - У якiм сэнсе? - У гэтым самым сэнсе. Ты мяне здзiўляеш, падпольшчык, дыверсант Яраш. Навука яўна псуе цябе. Ты - той прыклад, калi iнтэлiгентнасцi замнога, а гэта таксама шкодна. Ды калi яна дала табе аплявуху, пляснi яе пяць разоў. Пляснi так, каб iскры з вачэй пасыпалiся, нягледзячы на яе прыналежнасць... - Ты так думаеш? - Я так зрабiў бы. Тут няма чаго размяжоўваць асабiстае i грамадскае. Пошукi фактаў пра падполле выклiкалi ў Шыковiча гэты ваяўнiча-наступальны настрой. Памяркоўны, ленаваты i лiберальны раней, ён здзiўляўся цяпер сам сабе: адкуль бярэцца такая энергiя, такi iмпэт i рашучасць? Яраш не паспеў у другi раз перабудаваць свой даклад, а таму гаварыў, амаль не заглядваючы ў напiсанае. Але гэта прыдало выступленню пафасную жвавасць i злосць да тых бюракратычных непарадкаў, якiя мелi месца ў медыцынскiм абслугоўваннi. Нiхто з дэпутатаў не чытаў больш газеты, нiхто не кляваў носам. Разоў колькi яго перапынялi воплескамi. Тамара Аляксандраўна кляла тую хвiлiну, калi дала згоду заняць старшынскае месца. Сотнi вачэй свiдравалi яе. Яна бачыла ўсмешкi, розныя па сваiх адценнях, ад зларадных да спачувальных. Дасталося i выканкому гарсавета. Гукан не глядзеў на Яраша, ён увесь час, яўна i ўпотай, глядзеў на Тарасава: хацеў зразумець па яго рэакцыi, цi не ўзгадняўся садаклад з iм. Калi ўзгадняўся, тады ўсё ясна. Але было падобна, што многiя факты сакратар гаркома чуе ўпершыню. Гэта трохi супакойвала Сямёна Парфёнавiча. Расчырванелая, узрушаная Гаецкая ў наступны перапынак злавiла Яраша ў фае. Сказала яхiдна, але зноў-такi дэманструючы перад людзьмi сваю блiзасць з iм: - Ведаеш, Антон, прымаўку: смяецца той, хто смяецца апошнi. - Уявi сабе, Томачка, што ведаю, - засмяяўся Яраш. Гукану гарком даручыў прысутнiчаць на станкабудаўнiчым заводзе. Мiтынг адбыўся ў апошнi дзень з"езда. Заводскi двор - мора замасленых кепак i палiнялых касынак. Трыбуна грузавiк з адкiнутымi бартамi - была абсталявана ў глыбiнi двара. Рашэннi дваццатага з"езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але нi ў якiм разе не спалох. Магчыма, усе iншыя пачуццi перамагла тады сенсацыйная цiкаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, i ён, Гукан, зусiм шчыра гаварыў пра гэта ў сваiх дакладах i выступленнях. I, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленiнскiх норм кiраўнiцтва i жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з"езда ён таксама прыняў як заканамерную з"яву. Але калi на мiтынгу - першы ж пасля сакратара парткома - Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесцi заводскi помнiк, Сямён Парфёнавiч неяк балюча скалануўся i... спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнiк.