Сэрца на далонi, частка 4

Ведаючы, што Ганчароў - прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: "Адна хеўра. Анархiсты!" Яму варта было выступiць, ён не выступiў - не ведаў, што сказаць. Адпусцiўшы машыну, пайшоў пехатой па вулiцах, якiя забудоўвалiся пад яго кiраўнiцтвам. Ён падумаў пра гэта - што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кiраўнiцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасцi, сiлы. I раптам цяпер адчуў, што нiякi ён не гаспадар тут... Але ад гэтага адчування яму зрабiлася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыi, а ён жа заўсёды лiчыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавiч? Што змянiлася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кiнула ў пот, хоць апошнi кастрычнiцкi дзень быў ужо амаль па-зiмоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковiча i Яраша, падумаў неяк зусiм iнакш, чым думаў дагэтуль, - без сувязi з гiсторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славiка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросцiў iм. Лёгка iм жывецца, калi што i няясна, незразумела, то - пра другiх, а ў самiх iх, напэўна, усё ясна i ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самiм сабе не можа разабрацца. Хто i што ён, маленькi чалавек, радавы работнiк? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусiм маленькага чалавечка.) "З якою радасцю ты зрабiў бы iх правакатарамi". Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нiкога не думаю рабiць правакатарамi! - хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад. Дадому ён прыйшоў разбiты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклiкаць лекара. Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая i шчырая работнiца ашчаднай касы, раней газеты толькi праглядала i чытала галоўным чынам фельетоны цi тыя матэрыялы, якiя хто-небудзь перад гэтым параiў. А тут за вялiкiм сталом сядзела абкладзеная кiпамi газет. Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамi абзац, другi. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвiлiну суцяшала, можа, i цяпер зразумее, як нялёгка яму. - Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта? - Што? - Ну, з культам... - А што? Правiльна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Ленiным, - не ўзняўшы галавы, адказала жанчына. Сямёна Парфёнавiча чамусьцi ўзлаваў яе такi адказ i тое, што яна не адарвалася ад газеты. - Разумныя вы ўсе пасталi! Заднiм чыслом. Палiтыкi лiпавыя! Абед давай! Зачыталася! Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосцi. Але калi выраслi i раз"ехалiся дзецi, а ў iх пасiвелi галовы, Сямён многа год ужо такiм тонам з ёй не размаўляў. Вольга Раманаўна здзiвiлася. Пiльна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосцi, калi ўвесь народ радуецца? Мякка спытала: - Што здарылася, бацька? Непрыемнасцi? Яму зрабiлася няёмка, ён памякчэў: - Нiякiх непрыемнасцей няма. Стамiўся. У сэрца коле. - Прымi валiдол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася. Ляжаць Сямён Парфёнавiч не здолеў. Лекара не выклiкаў. Пахадзiў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевiзары канец нейкага замежнага кiнафiльма - нiчога не зразумеў. Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мiтынгу. Ён не дапускаў думкi, што не згодзен з рашэннем з"езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такi, здавалася яму, нешта рабiлася не так. Асабiста ён так не зрабiў бы. Вось хаця б з помнiкамi гэтымi... Прыгадалася, што помнiк на плошчы рабiўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькi энергii. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мiтынг. Ён казаў прамову, i прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напiсаць яе дапамог Шыковiч. Ён, Гукан, пазваў, i той адразу ж з"явiўся, сеў за працу... Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковiч, сярэднi журналiст, паводзiць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамi.