Сэрца на далонi, частка 4

- Кiнь! Я сам ведаю. Але калi не хапае розуму i, я ўжо казаў табе, звычайнай iнтэлiгентнасцi... Што рабiць? Скажы, iнжынер душ? Пасля прымiрэння Галiна вырвала ў яго гэтую клятву - што ён нiколi больш не наведае Зосi. Ён пакляўся з бяздумнай лёгкасцю, абы замацаваць прымiрэнне, бо бачыў, як цяжка перажываюць разлад дзецi. Пасля зразумеў, што такая клятва абражае яго. Хiба ён у чым вiнаваты? Магчыма, у яго i не было б патрэбы i ахвоты заходзiць больш да Зосi. А цяпер яму рабiлася брыдка за ўласную слабасць i бязвольнасць i часта хацелася пайсцi да Зосi на злосць жонцы. Дзiўна, што жаданне такое мацнела з кожным днём. Ён змагаўся з iм. Ён сумленны чалавек i сапраўды нiколi не парушыў свае клятвы. Урэшце, справа не ў клятве. Ён проста вышэй за ўсё гэта i не дазволiць, каб подласць плеткароў i жончына неразумнасць давялi iх да разрыву, што было б трагедыяй i для iх абаiх i яшчэ большай - для Вiктара i Наташы. Так ён думаў. Але ад гэтай лагiчнай разважлiвасцi не рабiлася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нiчога не дараваў сабе - памылак, слабасцi, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той мiг ён пазайздросцiў Шыковiчу i ўзлаваўся за гэта на сябе i на яго. Кiрыла раптам спынiў разважаннi, якiя ён было пачаў, аб ролi мужа ў выхаваннi жонкi. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна i цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кiм захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кеплiва-жартаўлiвымi словамi. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: "Такi вялiкi i такi маленькi перад жонкай". Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра i герой быў вялiкi ва ўсiм. Зашпiлiўшы верхнi гузiк на сарочцы i падцягнуўшы гальштук перад чорнымi тамамi энцыклапедыi, Шыковiч грубавата сказаў: - Чорт з табой! Пайду адзiн, - i рушыў да дзвярэй. У суседнiм пакоi зiрнуў цераз Наташына плячо ў кнiгу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавiстых валасоў. Яна глянула на яго i ўсмiхнулася вiнавата, як бы просячы за штосьцi прабачэння, можа, за тое, што падслухала iх размову, цi, можа, за бацькаву нерашучасць. Кiрыла апранаўся ў калiдоры. Калi выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкi апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой i страхам, нiбы несла адказнасць за яго ўчынкi. На дварэ добра прымарозiла. У паветры кружылiся сняжынкi. Але асфальт вулiцы быў сухi i шэры ў цьмяным святле лiхтароў, пабялелi толькi лункi каля лiп i каштанаў. Шыковiч даўно ўжо прыкмецiў: у iх горадзе найбольшы рух на тых вулiцах, што iдуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю цiха i бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вулiцы, нешырокiя, зялёныя, утульныя, асаблiва iх кароткiя ўчасткi ад Савецкай да ракi. Шыковiч любiў гэтыя вулiцы. Любiў гуляць па iх. Яны iшлi не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з iм трэба iсцi ўподбег, каб не адстаць. А тут ён iшоў надзiва павольна магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забылiся, да каго i з якой прычыны iдуць. - Што, аднак, ты думаеш рабiць з дачай? - Паеду, раскладу пасярод кабiнета касцёр, пагрэю вочы... Асалода на ўсё жыццё. - Не вярзi лухты, Кiрыла. - А як iнакш ты яе знясеш за месяц? Куды? Тры днi назад яны атрымалi рашэнне аблвыканкома, у якiм iм прапаноўвалася ў месячны тэрмiн знесцi дачу. Матывы: зямельны ўчастак адведзены райвыканкомам незаконна. Яраша гэтая бюракратычная паперка здзiвiла, пакрыўдзiла i расстроiла, Кiрылу - абурыла.