Сэрца на далонi, частка 4
Падфарбоўваючы губы (яна, як i ўсё iншае, рабiла гэта ўмела i з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра iскры смеху. - Тугадум ты, Тарас. I ўвогуле - мядзведзь. Я здзiўляюся... Рос ты ў горадзе, у такой iнтэлiгентнай сям"i. Каб ты пабачыў, дзе расла я! - Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам i радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся! Зося пажартавала: - Але. Цяжка паверыць, што ты не панскага роду. Каб я не бачыла твае мацi... I тут жа зразумела, што сказала недарэчы. Машын твар у люстры адразу змянiўся, дзяўчына цяжка ўздыхнула: - Мая мацi! - I, як бы спалохаўшыся нечага, кiнула фарбу, падхапiлася, сказала Тарасу: - Пайшлi, мой верны рыцар. - Падбегла да Зосi, абняла, пацалавала ў шчаку: - Прабач. I не сумуй без нас. У фае Тарас неспадзявана для сябе ўбачыў Славiка... з Нiнай. Славiк спачатку аслупянеў. Ён знарок пайшоў не ў цэнтральны, а ў гэты новы, у Залiнейным раёне, кiнатэатр, дзе бадай выключалася сустрэча са знаёмымi. I раптам на табе. Ды з кiм! Ён гатовы быў збегчы куды хочаш, калi Тарас i Маша рушылi да iх. Але схавацца немагчыма, людзей было яшчэ нямнога. Ды i зусiм iншае пачуццё спынiла - зачараванасць Машай. Ён даўно не бачыў яе. I калi, пасля сувязi з Нiнай, вобраз яе зноў завалодаў яго марамi, то ён часам, каб супакоiць сябе, думаў, што яму толькi ўяўляецца, што яна такая незвычайная, прыгожая, а ў сапраўднасцi ўсё хараство яе - выдумка яго ўзбуджанай фантазii. Аж не. Не! У новым адзеннi, недарагiм, але элегантным светла-шэрым варсiстым палiто i ў кашлатай высокай зiмовай шапцы, з-пад якой выбiвалiся яе залатыя валасы, яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым у тую першую сустрэчу на дачы, чым нават уяўлялася ў бяссонныя ночы. Ён проста аслеп ад ззяння яе вачэй, аглух ад яе голасу, непараўнальнага нi з якiм другiм, задыхнуўся ад непаўторнага, адной ёй уласцiвага водару. Ён пачуў гэты прыцягальны водар яе цела, валасоў, вопраткi яшчэ здалёк. Яна смяялася. Яна казала нешта Тарасу. Ён не чуў. Аглушыла i асляпiла яшчэ адно - хваля рэўнасцi да свайго брыгадзiра. Не ён, а Тарас пазнаёмiў дзяўчат. Маша не аглядала Нiну з той крыху зняважлiвай цiкаўнасцю, з якой аглядалi некаторыя Славiкавы сябры. Не, яна, выхаваная жыццём i бальнiцай, нiколi не раздзяляла людзей на нейкiя катэгорыi, а тым больш не меркавала пра iх па вопратцы, па знешнасцi. Але i яна глянула на Славiка са здзiўленнем. Яе здзiвiла не Нiна. Яе здзiвiў Славiк. I ён убачыў гэта i зразумеў. З тае хвiлiны ён бачыў усё - кожны яе рух, кожную iскру ў вачах, ледзь прыкметную ўсмешку i пералiвы ценяў на твары. I ўсё разумеў з незвычайнай, неверагоднай, проста-такi мефiстофельскай пранiклiвасцю. Яму хацелася закрычаць ад роспачы, укусiць самога сябе, калi ўбачыў iх побач, параўнаў. Просценькi, зямны, мiзэрненькi "дзятлiк" з пачырванелым носам - i Маша! Калi хвiлiны ўтрапення мiнулi i Славiк вярнуў сваю самаўпэўненасць i дасцiпнасць, ён кiнуўся як у вiр, як матыль на агонь. Запрасiў усiх у буфет. Частаваў з купецкiм размахам. Талерку эскiмо. Ешце, хоць пуза расперажыце. Паўкiло "Мiшак". Як? У гэтым буфеце яшчэ знайшлося шампанскае? Ура гаргандлю! Давайце шампанскае! Пратэставаў Тарас. Сарамлiва адмаўлялася Нiнка. Ён прымушаў iх сiлком есцi i пiць. Ён быў падкрэслена ўважлiвы да ўсiх. Але ў сапраўднасцi нiкога для яго не iснавала, акрамя Машы. Уся шчодрасць, усе жарты, усе словы, смех - для яе адной, толькi для яе. Тарас нахмурана маўчаў. Хутка пачала разумець i Нiна, што да чаго. Прыгледзелася, прыслухалася - i стала вiдушчая. Дурная, дурная! Як яна магла падумаць, што Славiк пакахаў яе? Спадзявалася, верыла, марыла. Хiба так кахаюць! I хiба такая, як яна, простая кранаўшчыца, патрэбна яму? Яму вось якая краля трэба! Модная, нафарбаваная! Абражаная, пакрыўджаная, Нiнка, якую спачатку Славiкавы жарты смяшылi, сцiшылася, замкнулася, адступiла за круглым столiкам ад Славiка да Тараса. Пашкадавала брыгадзiра: перажывае. Сябе не шкадавала. Сябе карала: так табе i трэба, авечка! Кiўнуў табе пальцам, i ты пабегла следам. Як на экране кiно, хутка змянялiся пачуццi, выбухалi адно за адным то боль, то бязгучны горкi смех, то роспач, ад якой хацелася па-бабску завыць на ўвесь буфет, на ўвесь кiнатэатр. Не, яна трымалася. Яна нiводным рухам не выдасць сябе. А вось яны... яны страцiлi ўсялякi сорам.