Сэрца на далонi, частка 4
Галiна Адамаўна была дома. У спальнi. Тарас пастукаў. Яна, пэўна, ляжала i, пэўна, плакала. Калi Тарас, атрымаўшы дазвол, увайшоў, яна стаяла перад люстрам i працiрала кулакамi вочы, як бы толькi што прачнулася. Яна ўбачыла яго праз люстра i насцярожылася, баючыся павярнуцца. А ён не бачыў яе твару i трохi разгублена спынiўся каля ложка. Ён баяўся, што яна зноў даволi груба папросiць яго не сунуць нос туды, куды не трэба. - Галiна Адамаўна, я ўсё-такi хачу пагаварыць з вамi. Сур"ёзна... Паслухайце. Яна павярнулася, вочы яе былi чырвоныя. - Тарас! З таго часу, калi я адчула, што ты не дзiця ўжо, я не ўмешвалася ў твае справы. - Яна сказала тое ж, што i першы раз, але зусiм iнакш, без злосцi, раздражнення, спакутаваным голасам i нават усмiхнулася так, нiбы прасiла прабачыць ёй. Ён зразумеў, што цяпер ёй хочацца, каб нехта ўмяшаўся. - Я люблю вас, мама. - Слова гэтае вырвалася неяк само, ад жалю да яе. Галiна Адамаўна ўзняла на яго вочы, i яны вiльготна заблiшчалi. - I бацьку люблю. Вы для мяне самыя дарагiя людзi. - Не трэба, Тарас, - цяжка ўздыхнула яна. - Твае адносiны да нас - адно, нашы адно да аднаго - другое. - Вашы - нейкая дзiкая недарэчнасць. Вы паверылi паклёпу. Бацька расказваў... Паверце мне, мама. Я ж вам не вораг. Штодзень я бываю там... Я люблю Машу. Пасля Новага года мы пажэнiмся. - Сур"ёзна? - У вачах яе блiснула iскрынка цiкаўнасцi. - Хiба Соф"я Сцяпанаўна такая жанчына! Падумайце, колькi яна перажыла! Галiна Адамаўна закрыла твар рукамi, заматала галавой: - Не яна... Ты шмат чаго не ведаеш, Тарас. Ты галоўнага не ведаеш. Але, яна многа перажыла... Але хiба гэта дае ёй права?.. Хоць не яна... ён... Чаму ён хаваецца, падманвае? Навошта? Што я, такая дурная, подлая? Скажы, была я калi-небудзь прагная, скупая? У iх была дружба ў падполлi. Яму хацелася памагчы ёй. Калi ласка. Няўжо я не зразумела б, каб усё па-чалавечы? Цяпер ён папракае, што я не разумела яго, што ўвесь час думала пра яго бог ведае як... А што ён думаў пра мяне, калi пачаў хавацца? З грашамi... - Яна ўся перасмыкнулася. - За каго ён мяне лiчыў? Гэта не абраза? - выкрыкнула яна. Ён адчувае, калi абражаюць яго. А калi ён!.. Я перажыла ўсё, я перажыла б i гэта, каб па-чалавечы. Я ўжо была змiрылася. А ён не пераставаў хлусiць, хавацца. Ты не ведаеш галоўнага. Ён здраджваў увесь час! Усё наша жыццё. Падманваў, хлусiў!.. - Няпраўда! - не стрымаўся i рашуча запярэчыў Тарас. Яна адняла рукi ад твару, сухiмi гарачымi вачамi паглядзела на яго, сумна пакiвала галавой: - Але хто мне паверыць? Мне не верыць нават Валя Шыковiч, жанчына. Ён мудры, вялiкi, добры. Ён усiх заваражыў. Цябе, Наташу... знаёмых. О-о, доктар Яраш! Свяцiла! А што яго жонка? Бяздарны зубны лекар, мяшчанка. Каму цяпер клопат да таго, што сваю маладосць, сваё здароўе я аддала яму, табе, дзецям?.. Галiна Адамаўна сказала гэта злосна, i Тарас сумеўся: яна кiдала горкi папрок i яму. Можа, сама яна таксама зразумела гэта, бо раптам зноў змянiла тон: - Цяпер вы лiчыце, што я стала псiхапатка. Можа, i праўда я псiхапатка. Дык я нiкому не хачу атручваць жыццё! Нiкому! Няхай яму яго талент, яго слава!.. Толькi дзецi... Дзецi мае! - крыкнула яна i ўпала тварам на падушку, прыглушана зарыдала. Тарас зусiм разгубiўся. Ён не ведаў, якiм чынам супакоiць яе. Стукаў у дзверы, упэўнены ў непахiснай логiцы сваiх доказаў. А сказаў усяго два словы i ўсе доказы, больш няма чаго i дадаць. Ён пераступаў з нагi на нагу i цiха, няўпэўнена прасiў: - Не трэба, мама... Супакойцеся, Галiна Адамаўна!