Сэрца на далонi, частка 4

- Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ... Пiсаць разумныя кнiгi, разумныя артыкулы i... не разумець, не ведаць уласных дзяцей... чым яны жывуць... Жонка за гэтыя колькi гадзiн, як прыйшло трагiчнае паведамленне, каторы раз дакарае яго, то мякка, з жаночай слязлiвай чуллiвасцю, то цвяроза-злосна. Кiрыла ўрэшце не вытрымаў i першы раз кiнуў ёй глуха, нязлосна: - Вучыць чужых дзяцей... Валянцiна Андрэеўна змоўкла, да нечага прыслухалася. Паўтарыла яго словы, здавалася, неўсвядомлена: - Вучыць чужых дзяцей... - i, мабыць, асэнсаваўшы, загаварыла з горыччу, з болем: - Але, вучыць чужых... У тым i бяда. Хiба я апраўдваю сябе? Я хачу разабрацца. Чаму... чаму так выходзiць? Чаму ты... мы так мала ведалi... так мала цiкавiлiся жыццём сына? Справы, праблемы, пошукi, знаходкi... Некалi ты быў проста бацька. Сябраваў з сынам. Ездзiлi з iм на рыбалку, хадзiлi на лыжах... А потым... ты ўмеў толькi накрычаць на яго i нават ударыць. Як пасля ён мог даверыцца табе, калi ты не верыў яму? А ён такi чуллiвы. Ты лiчыў яго шалапутам... А ён вось як... Калi ўжо пакахаў... У кiшэнi ў Славiка знайшлi неадасланае пiсьмо Машы. Не, не, не кажы мне, што гэта няшчасны выпадак. - За iм гналiся. - Божа мой! Якая недарэчнасць! Бацька падняў на ногi ўсю мiлiцыю, каб злавiць сына, якi... - Не трэба, Валя... - А што трэба? Што нам з табой трэба цяпер? Кiрыла? Калi С-л-ла-вiк... - Валя!.. Яна змоўкла i нейкi час стаяла ў нерухомасцi. Зноў настала такая цiшыня, што чуваць было цiканне ручнога гадзiннiка. Ды раптам цiшыню гэтую разарваў рэзкi званок. Званiў тэлефон на стале. Яны абое трохi спалохана глядзелi на белы апарат. Нарэшце Валянцiна Андрэеўна схапiла слухаўку. Званiла Iра. Яе звайшлi на iнстытуцкiм бале, каб паведамiць пра няшчасце з братам. Пазнала мацi, заплакала: што са Славiкам? Кiрыла здзiвiўся, як разважлiва i амаль спакойна адказвала жонка: - Нiчога, Iрачка. Не плач, - i паўтарыла яго словы: - Усё будзе добра. Перакулiўся на машыне. Пералом рукi. Антон Кузьмiч аперыруе. Не пускаюць? Дай трубачку вахцёру. - Яна доўга i цярплiва ўгаворвала вартаўнiка, каб дазволiў прайсцi дачцэ. Але той быў няўмольны, нi просьбы, нi доказы не памагалi. Пачакай там, Iрок. Антон Кузьмiч дазволiць, - супакойвала яна дачку, калi тая зноў узяла слухаўку. - Што? Не думай пра гэта. Я ведаю, што ты любiш яго. Валянцiна Андрэеўна паклала слухаўку i, зусiм знясiленая, прысела на канапу. - Якiя жорсткiя людзi. Гэты стары - што чурбан. "Не магу", i ўсё. - Ён выконвае свае абавязкi. Пасля даволi працяглай паўзы Валянцiна Андрэеўна сказала: - У нас добрыя дзецi, Кiрыла. Iра так перажывае, што яны пасварылiся. "Ты ведаеш, кажа, мама, як я люблю яго..." Валянцiна Андрэеўна заплакала, па-дзiцячы ўсхлiпваючы. - Не трэба, Валя. Ты ж сама сказала: усё будзе добра. - Маўчы, калi ласка! Зноў твой дурны аптымiзм! Яны доўга пасля гэтага сядзелi ў маўчаннi. Думалi пра адно. Але, магчыма, па-рознаму. Мацi магла задаць тысячу пытанняў сабе, мужу, усяму свету, але ў такiм стане ёй было не да пошукаў адказаў на iх, на гэтыя трывожныя пытаннi. Ёй уяўляўся Славiк маленькiм, добрым, ласкавым, чулым, i яна вiнавацiла сябе, што так рана палiчыла яго дарослым, i думала, як зоймецца дзецьмi ў будучым, калi няшчасце мiне сям"ю. Кiрыла, наадварот, спрабаваў даць адказы на гэтыя "чаму?", жончыны i свае ўласныя. Ён думаў шырока i самакрытычна, што ў яго, таксама як i ў тых, каго ён выкрывае, часам жыве абыякавасць да чалавека, нават блiзкага. Валя мае рацыю: здараецца, i, на жаль, нярэдка, што за карыснымi i патрэбнымi справамi, якiмi займаешся, за гуманнымi i высакароднымi мэтамi часам хаваюцца звычайнае сябелюбства, эгаiзм, iндывiдуалiзм. Вiдаць, найлепшае жыццёвае правiла: будзь добры да другiх i бязлiтасны да сябе. А мы яшчэ часцей бываем лепшымi ў адносiнах да сябе, чым да другiх...