Сэрца на далонi, частка 4

- Iдзi прэч! Гаецкая ўстрапянулася: - Дурная... - Прэч! Галiна Адамаўна з грукатам кiнула на паднос лапатку i ўзяла востры пiнцэт. З неўласцiвай яе паўнаце рухавасцю Тамара Аляксандраўна шмыгнула з крэсла, ледзь не павалiла бормашыну. Толькi ў дзвярах зларадна крыкнула: - Што? Дажыла?! * * * Антон Кузьмiч адчынiў дзверы ўласнай кватэры i па беспарадку ў калiдоры, па пахах цi, правiльней кажучы, па тым, што не было iх, кухонных пахаў, здагадаўся, што нешта здарылася. Не нешта, а ён пэўна ведаў што. Ён добра ведаў, што Гаецкая не змоўчыць. За гэтыя днi пасля iх сустрэчы ў лесе колькi разоў хацеў сам расказаць Галiне, каб папярэдзiць, i не здолеў - не хапiла мужнасцi. Не хапiла, бо ведаў: не паверыць, не зразумее цi зразумее зусiм iнакш, па-свойму, яшчэ горш, чым Гаецкая. Было брыдка i сорамна ад сваёй нерашучасцi, боязi. Але ён думаў пра дзяцей i ўпотай спадзяваўся: а можа, абыдзецца. Можа, Тамара зробiць нейкi другi ход? Мiж iншым, гэтая цiкаўнасць што ж усё-такi яна зробiць? - была адной з прычын яго маўчання. Ён нават не расказаў Шыковiчу. Урэшце ён мог бы заклiкаць на дапамогу сябра i разважлiвую, спакойную Валянцiну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкi Галiнай хваравiтай рэўнасцi. Але ўсё гэта выйшла б так, што ён нiбы апраўдваецца. Завошта? Ды, нарэшце, цi варта надаваць гэтаму такое значэнне? Ён мае права падняцца вышэй усёй гэтай бытавой лухты, што атручвае жыццё i перашкаджае галоўнаму - працы! У палiто i капелюшы ён пайшоў у спальню. Галiна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Выгляд яе спалохаў яго. Такой яна не была нiколi. I нiколi так не паводзiла сябе. Каб у яго паляцела машына цi трумо, гэта ўразiла б менш. Яна не шыла, але, вiдаць, спрабавала шыць: зацiснутая iголкай тканiна звiсла на падлогу. Антон спынiўся пасярод пакоя. Жонка не ўзняла вачэй. - Што здарылася, Галя? Твар яе непрыгожа перасмыкаўся. - Вы, Антон Кузьмiч, не ведаеце, што здарылася?! - сказала яна з сарказмам i жахлiвай адчужанасцю. - Галка. Усё гэта лухта! - Ах, лухта! - адкiнула яна тканiну ўбок, выхапiла аднекуль з-пад яе ашчадную кнiжку, падняла, патрасаючы. - I гэта лухта? Шчодра, доктар Яраш, аплачваеш палюбоўнiцу! Але не думай, што мне шкада тваiх грошай. На! - яна шыбнула кнiжку яму пад ногi. Пры ўсёй яе рэўнасцi жонка рэдка кантралявала яго расходы. Ён часта пазычаў буйныя сумы калегам, некаторыя з iх не вярталi гадамi. Галiна, даволi абыякавая да грошай, забывалася пра такiя пазыкi, а калi часам i патрабавала справаздачы, то заўсёды ў добрым настроi, абмяркоўваючы чарговую буйную пакупку. А цяпер праверыла ўсё. Ён, Яраш, нават не падумаў, што Гаецкая разведае i выкарыстае ўсё. Яго кiнула ў пот ад прадчування цяжкасцей на шляху да прымiрэння. Колькi прыйдзецца патрацiць энергii... Ён кiнуў палiто на ложак, зрабiў крок да жонкi. Яна ведала яго прыём: абняць, схапiць на рукi, цалаваць... I яна, слабая жанчына, сцiхала, даравала яму... Але цяпер не! - Я табе ўсё растлумачу, Галка. Выслухай толькi. - Не падыходзь! - Яна ўзброiлася нажнiцамi, але тут жа шыбнула iх на столiк. - Не трэба мне нiякiх тлумачэнняў! Усё! Усё! Усё! Цяпер я не буду нi крычаць, нi плакаць... Мы чужыя. Ты абсталяваў сабе новую кватэру - iдзi туды. Не пойдзеш ты - я нiводнага дня, нiводнай хвiлiны не буду тут. Усё! - Яна вымаўляла гэтыя "ўсё", быццам ставiла кропкi. Яраш зразумеў, што гэта больш, чым нервовая ўспышка, гэта цвярозы намер, i не ведаў, з якога боку падступiцца, каб разбурыць такое яе рашэнне. Ён спынiўся, паглядзеў на яе ласкава, з жалем, дакорлiва пакiваў галавой: дурнiца, дурнiца! Яна не вытрымала яго позiрку, закрыла твар рукамi, перасмыкнулася ўся. Зацiскаючы рыданнi, сказала праз далонi глуха, чужым далёкiм голасам: