Сэрца на далонi, частка 4
Шыковiч спадзяваўся, што пасля надрукавання артыкула ён не адаб"ецца ад тэлефонных званкоў, ад наведвальнiкаў. Званкi былi, але не тыя, якiх ён чакаў. Званiлi сябры. "Здорава, стары, напiсаў. Вiншую". Кiрыла злаваўся: хiба соль у тым, як напiсана! Званiлi чытачы. Большасць пыталася пра Зосю. Дзе яна цяпер, як адчувае сябе? Прасiлi перадаць ёй добрыя пажаданнi. Другiя пыталiся пра тое, пра што Шыковiч сам хацеў даведацца. Дзе яны, таварышы па барацьбе Савiча, Вакулавай, Васi? Жывыя сведкi? Няўжо ў горадзе нiкога не засталося? Няўмольны час! Скасiў людзей, разагнаў па свеце. "Каб удалося ўцiснуць хоць невялiчкi артыкульчык у цэнтральную газету, можа, тады хто i адгукнуўся б", - думаў Кiрыла, седзячы ў кабiнеце рэдактара i сто першы раз пераглядаючы тыя тры нумары газеты, дзе быў змешчаны яго нарыс-артыкул аб падполлi. Наконт артыкула званiлi рэдактару, таму Шыковiч i сядзеў гэтыя днi ў яго кабiнеце. Дарэчы, Жывiцкi грыпаваў i ў рэдакцыю не з"яўляўся. Падпiсваў газету дома. Шчыра кажучы, Кiрыла сам не разумеў, чаго ён чакае. Усё ўжо ясна. Садзiся, дапiсвай сваю аповесць, стаў апошнюю кропку i ляцi ў сталiцу, каб уладзiць яе ў часопiс. Але ў тым i бяда, што ў апошнi час, пасля, здавалася б, поўнага выяснення, у яго раптам як бы знiкла натхненне. Парадокс. I вельмi можа быць, што ён чакаў нечага такога, што зноў запалiла б яго. Вось чаму, калi адчынiлiся дзверы рэдактарскага кабiнета i на парозе з"явiўся незнаёмы, Кiрыла адразу падумаў: "Вось. Гэта ён". Па нейкiх асаблiвых прыкметах, якiя нават цяжка растлумачыць, Шыковiч умеў беспамылкова пазнаваць пенсiянераў. Пра гэтага адразу падумаў: "Пенсiянер". Чалавек не запытаў, цi можна ўвайсцi. Але працiснуўся ў дзверы не тое што нясмела, а неяк нязграбна, быццам дзверы былi цесныя. Не, ён не быў тоўсты. Нармальны для сваiх гадоў, трохi ацяжалелы. А з твару нават худы. Твар яго быў абветраны да задубення скуры, як у рыбака, пасечаны глыбокiмi i непрыгожымi маршчынамi (бываюць маршчыны прыгожыя). Хоць з-пад каракулевай шапкi-стаўбуна вылазiлi зусiм сiвыя на скронях валасы, бровы яго былi чорныя, як падфарбаваныя. Можа, ад гэтага вочы здавалiся залiшне зоркiмi i калючымi. Ён у сваю чаргу агледзеў Шыковiча. Але калi Кiрыла сустрэў яго з добразычлiвай цiкаўнасцю, нават з радаснай надзеяй, то ў яго позiрку злавiў нешта падобнае на знявагу цi насмешку: "Сядзiш, пiсака, у кабiнеце? Бач, як абставiўся!" Можа, ён так i не падумаў, але Кiрылу чамусьцi ўпершыню стала няёмка ад таго, што ён забраўся ў рэдактарскi кабiнет. Чалавек, не вiтаючыся, спытаў: - Вы Шыковiч? - Я. Сядайце, калi ласка. Шыковiч працаваў не за рабочым сталом рэдактара, а за доўгiм - для пасяджэнняў, на краi якога ляжаў стос падшывак газет. Чалавек сеў насупраць. Шапкi не зняў. Расшпiлiў палiто з добрага драпу, але моцна пабiтае моллю недзе доўга ляжала. Гледзячы Кiрылу проста ў вочы (цяжка было вытрымаць такi позiрк!), незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: - Што ж гэта ты, друг сiтны, сказаўшы "а", не сказаў "бэ". Не хапiла духу? Цi замялi? У Шыковiча замерла сэрца ад прадчування нечага незвычайнага. - Што вы маеце на ўвазе? - Што, што... Сам ты добра ведаеш што. Чаму не раскрыў, хто такi Сажань? Спалохаўся? Ну, канешне, куды табе! Думаў паласкатаць нервы чытачоў, нагнаць таямнiчасцi. Ды выйшла прамашка. - Ён хмыкнуў, прыстукнуў кулаком па стале, нiбы паставiў пячатку, голас яго зрабiўся скрыпуча-злосным. - Цяпер я скажу "бэ"! Здалося, што чалавек гэты пырснуў жоўцю. Шыковiч не любiў такiх: маўчаць, чакаюць выпадку, калi хто пачне першы, тады i яны вырываюцца i б"юць з-за вугла.