Сэрца на далонi, частка 4

- Увогуле ты, Кiрыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зiркаеш як кот на сала. - Валя! - Але не бойся. Гэтаму пiсьму i я не веру. Не таму, што ў табе вельмi ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру iм - Зосi, якую знаю па тваiх расказах, i Машы... Кiрыла з палёгкай уздыхнуў. - Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такiх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмi разумныя дзецi? - Што табе трэба ад тваiх дзяцей? - адразу спахмурнела i ўзлавалася Валянцiна Андрэеўна. - Розум прыходзiць з гадамi. У цябе яго i цяпер не надта, калi ты пра яго такой высокай думкi. Пра ўсё яна магла гаварыць разважлiва i спакойна. Але няхай нiхто не чапае яе дзяцей, нават iх родны бацька. Кiрыла зразумеў, што зрабiў не той паварот i не так, як трэба, злiслiвiў перад жонкай. - Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваiх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былi лепшыя за нас. Валянцiна Андрэеўна чамусьцi цяжка ўздыхнула. - Ёсць, Кiрыла, норма чалавечых якасцей? Хiба дрэнны чалавек Галiна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робiцца, калi такое агiдненькае пiсьмо прыслалi i ёй. - Няўжо можна паверыць гэтаму? - Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзiць да iх. На iх званок адчынiла Наташа. У дзяўчынкi быў такi выгляд, быццам яна толькi што вярнулася з пахавання кагосьцi блiзкага. - Тата дома? Яна кiўнула галавой. - А мама? - I мама. Антон Кузьмiч сядзеў у сваiм застаўленым кнiжнымi шафамi кабiнеце i бяздумна гартаў альбом Траццякоўскай галерэi. Галiна ляжала ў спальнi. Яна не хацела бачыць нi мужа, нi дачкi - гэтага "Ярашавага кодла", як яна пасля крычала ў iстэрыцы. Каля яе быў адзiн Вiця, далiкатны, цiхi, асцярожны ў сваiх пачуццях i меркаваннях. Можа, праз гэта Галiна Адамаўна больш любiла сына, чым рэзкую, нявытрыманую дачку. А Ярашу, наадварот, якраз гэтая рыса не падабалася ў сыне. Валянцiна Андрэеўна, умiг зразумеўшы становiшча, адразу пайшла да сяброўкi. Кiрыла, убачыўшы, у якiм настроi Яраш, паспрабаваў жартаваць, весела спытаў: - Што? Выдала? Антон Кузьмiч сцiснуў рукамi скронi, на твары яго была пакута. - Жах! Калi гэта будзе паўтарацца, калi так будзе далей - немагчыма жыць, працаваць... Шыковiч адкiнуў прэч свой гуллiва-жартаўлiвы тон. Пэўна, справа сур"ёзная, калi нават Яраш, якi да ўсiх нягод ставiўся з гумарам, так перажывае. Кiрыла ўпаў у крэсла насупраць сябра. Пстрыкнуў партсiгарам. - Ты мне растлумач. Чым ты вiнаваты перад ёй, што яна так не верыць? - Не хапае iнтэлiгентнасцi. Звычайнай культурнасцi. Усё няшчасце наша, што мы не выхавалi ў нашай iнтэлiгенцыi неабходнай iнтэлiгентнасцi. Адгэтуль дзiкая рэўнасць маёй жонкi, дзiкая подласць Гаецкай, усё што хочаш. Яны доўга гутарылi пра гэта. Можа, праз добрую гадзiну Валянцiна Андрэеўна паклiкала iх у спальню. - Ну вось што, хлопчыкi, - сказала яна двум сталым мужчынам, як малым. Сядайце i расказвайце. Толькi не круцiце хвастамi, а то надзяру вушы. Яны расказвалi, дапаўняючы адзiн аднаго, да позняй ночы. Здавалася, наступiла прымiрэнне. Старшынёй сесii выбралi Гаецкую. З"яўленне яе за сталом прэзiдыума дэпутаты сустрэлi вясёлымi апладысментамi. Раней увесь час старшынёй выбiралi мужчыну, сакратаром - жанчыну. На мiнулай сесii нехта з дэпутатаў зрабiў заўвагу аб такiм парадку. I вось упершыню зрабiлi наадварот. Тамара Аляксандраўна са сцiплай усмешкай кiвала галавой у залу i крышку даўжэй, чым трэба, цiснула руку сакратару - зусiм юнаму электразваршчыку будаўнiчага трэста. Яна ўмела паказаць сябе людзям! Прыемным голасам абвясцiла парадак i рэгламент. Усё было распiсана, звыкла, i нiхто не чакаў, што могуць быць заўвагi па парадку. Ды раптам падняўся Яраш i сказаў, што яму для садаклада патрэбна не дваццаць хвiлiн, як прапануюць, а мiнiмум гадзiна - ёсць што сказаць пра медыцынскае абслугоўванне гараджан.