Сэрца на далонi, частка 4

Зала загудзела. Такiя з"явы здаралiся рэдка. Нехта кiнуў уголас: - Чаму раней не дамовiлiся? Гукан падхапiўся, каб адхiлiць просьбу Яраша: будзе грунтоўны даклад загадчыка аддзела i няма патрэбы гэтулькi часу даваць садакладчыку. Але яго апярэдзiла Гаецкая. З абваражальнай усмешкай сказала: - Я думаю, дамо доктару Ярашу гадзiну. Пытанне важнае, а ён наш лепшы спецыялiст. Хто "за" - прашу падняць рукi. Работнiкi гарсавета, лекары прагаласавалi з-за пэўнай цiкавасцi, усе другiя - з павагi да вядомага хiрурга. А сам Яраш раптам падумаў, што не трэба яму гадзiна. У садакладзе яго, якi напiсаны даўно, добрыя хвiлiн дваццаць адводзiлiся трэцяму клiнiчнаму аб"яднанню, якiм кiравала Гаецкая. Як будзе вытлумачана цяпер такая жорсткая крытыка яе дзейнасцi? Яшчэ да пачатку сесii па тым, як вiталiся з iм знаёмыя, ён зразумеў, што "царыца Тамара" не абмежавалася яго жонкай i жонкай Шыковiча. Кругi ад яе плёткi-каменя шырока разыходзяцца. Што рабiць? Майстар у сваёй справе, Яраш быў не надта вопытны ў выступленнях. Шкада, што няма побач Кiрылы, той добра ведае "псiхалогiю сходаў". Але хiтрун з"явiўся, пазубаскалiў з дзяўчатамi, якiя рэгiстравалi дэпутатаў, атрымаў блакнот i карандаш i знiк. У яго прынцып: "На ўсiх пасяджэннях не перасядзiш, усiх дакладаў не пераслухаеш". Праўда, на яго, Ярашаў, садаклад абяцаў прыйсцi. Пакуль загадчык аддзела аховы здароўя да нуднасцi аднатонна чытаў свой даклад, Яраш бязлiтасна перакрэслiваў, выпраўляў свой. Пасля даклада патрабавалi перапынку. Гукан i Тарасаў селi ў буфеце за адзiн столiк. - Што, Сямён Парфёнавiч, знiшчым па парасяцi? Бачыш, як залiты? - весела прапанаваў Тарасаў. - Не, я - кефiрчык. - Баiшся халестэрыну? Мая дачка кажа: халерастэрын. А я не баюся нiякай халеры. - У твае гады i я нiчога не баяўся. - Але? Нiчагусенькi? - як бы здзiвiўся Сяргей Сяргеевiч, пасылаючы ў рот ладны кавалак парасяцiны. - А я дык усё жыццё каго-небудзь цi чаго-небудзь баяўся. Малы - бацькi, у мяне суровы бацька, у армii - камандзiра. Калi ранiлi, ведаеш, як я баяўся, каб гэтыя эскулапы не адхапiлi нагi... Гукан, слухаючы, стукаў кулаком па дне бутэлькi, каб вылiць захаладзелы кефiр. - Бачыў, якiя анархiчныя замашкi ў Яраша? - раптам перапынiў ён сакратара i так трасянуў бутэльку, што кефiр плёхнуўся цераз край шклянкi на стол. Адразу падскочыла афiцыянтка, каб выцерцi. - Чаму анархiчныя? А калi яму сапраўды ёсць што сказаць? - Ох гэтыя мне свяцiлы! - Сямён Парфёнавiч разрэзаў лiмон, выцiснуў палавiну ў шклянку з кефiрам. - Моцна ты вiтамiнiзуешся, - усмiхнуўся Тарасаў. Старшыня гарсавета азiрнуўся, нахiлiўся над сталом, спытаў паўшэптам: - Чуў пра яго iнтымнае жыццё? Але, Тарасаў чуў. Нават яго жонка, работнiца бiблiятэкi, прынесла дадому гэтую навiну. Спачатку ён паверыў: што ж, усё можа быць, такому мужчыну, як Яраш, любая ў абдымкi кiнецца. Ён не любiў падобных гiсторый, асаблiва калi справа даходзiла да партыйнага разгляду, а таму ўзлаваўся на Яраша: яшчэ яго не хапала туды ж? Але калi пра гэта пачалi гаварыць многiя другiя, сакратар адчуў, што тут нешта не так, што нехта стараецца, каб плётка разышлася па горадзе. Хто i з якой мэтай - хацелася яму даведацца. Таму ён насцярожыўся, калi пра гэта загаварыў i Гукан. - Старая любоў з дачкой Савiча. Адкуль цягнецца, а? Цяпер ты можаш зразумець "прынцыповую" падаплёку артыкула Шыковiча. Тарасаў чытаў ужо другi варыянт артыкула, дапоўнены расказам Зосi, Шыковiч прыходзiў раiцца з iм. Усе факты, на яго думку, заслугоўвалi самай сур"ёзнай увагi, хоць для публiкацыi патрабавалiся дадатковыя даследаваннi. А тут, выяўляецца, вунь як паварочваюць, вунь да чаго зводзяць! Дагэтуль ён ставiўся да старшынi даволi прыязна, хоць бачыў i разумеў яго слабасцi i памылкi, частка з якiх iшла ад яго асабiстых чалавечых якасцей, другая - ад пэўнага часу, калi ён выхоўваўся як кiраўнiк. Ён дараваў Гукану шмат якiя слабасцi i памылкi: iдэальных людзей мала. Але ад гэтых Гуканавых слоў яго скаланула. Тарасаў раптам убачыў, адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносiнах да людзей - па ўсiм. I нельга яму паблажлiва дараваць! Яго трэба бязлiтасна выкрываць!