Сэрца на далонi, частка 4
- Трапло ты. Абараняй свае тэндэнцыi. Але май на ўвазе, што я думаю аддаць сваю палавiну нашаму прафсаюзу пад летнi дзiцячы сад. Шыковiч сiгануў наперад, зазiрнуў знiзу ўгору сябру ў твар, каб пераканацца, сказаў той сур"ёзна цi жартам. Яраш глядзеў удалеч, некуды ў канец вулiцы, быццам хацеў нешта разглядзець у святле цьмяных лiхтароў. - У нас розныя прафсаюзы. Не памiрацца. У iх аднолькавыя характары. Шыковiчу спадабаўся ўласны жарт, i ён засмяяўся. Яраш таксама хмыкнуў. Iм адчынiла Маша. - Ах, вы?! - здзiвiлася яна. - Калi ласка! - Аднак не адступала ад дзвярэй, не прапускала iх, быццам хацела адцягнуць час i даць некаму схавацца цi замясцi нейкiя сляды. Шыковiч нахiлiўся i жартаўлiва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавiну дзвярэй. "Няўжо плётка дайшла i да яе?" - амаль са страхам падумаў Яраш. Маша збянтэжана адступiла, i ён нерашуча ўвайшоў у калiдор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела i папрыгажэла. У добра скроеным сiнiм плаццi, з двух"яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць! Зося выявiла шчырую радасць, збянтэжанасцi ў яе не было нi кроплi. Яна сказала надзвычай проста: - Якiя вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай. Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоi Тараса. Хлопец сядзеў за нiзкiм сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы i крыху дзiўна ўсмiхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, i ў душы ўхваляў яго выбар абы толькi сур"ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосi, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вiнаватым. Што сказаць Тарасу, калi зойдзе ў пакой? Як будзе паводзiць сябе Тарас? Прыйдзецца прасiць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал. Ад гэтай думкi зрабiлася да балючасцi непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабiць з гэтага бязвiннага наведвання тайну, унiжала i абражала. А ўнiжэнне для яго, гордага i незалежнага, было самай страшнай карай. Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды. Грукат крана над галавой быў для Славiка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшнiка. Ён уцiскаў галаву ў плечы, палахлiва азiраўся i, калi плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то i зусiм хаваўся за высокiя станiны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука - да шкляной будкi, у якой сядзела кранаўшчыца, "дзятлiк" з востранькiм носiкам i вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нiнка заўсёды чамусьцi абпiнала "домiкам", ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славiк баяўся сустрэчы з ёй. Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалi кiраўнiкi цэха i амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славiка. I Генрыха. Яны былi заняты другiм станком: прыладжвалi зманцiраваны электрыкамi праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную i марудную работу заўсёды браў на сябе будучы iнжынер. А ў Славiка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, наблiжаўся экзамен на разрад, i трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсiх вузлоў. Усунуўшы галовы ў люкi тумбы, яны падганялi счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з"ёмшчыка дэталей. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкiм гулам. Ён ляцеў па доўгiм пралёце цэха з хуткасцю цягнiка. Звiнелi шыбы i дрынчалi незамацаваныя дэталi i ключы на станку. I раптам усё сцiхла: кран спынiўся, замёр. Славiк упусцiў гайкi, якiя падаваў Генрыху. Спiной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкi крук павiс якраз над iм. Больш таго, ён адчуў позiрк Нiны, яна высунулася са сваёй шкляной будкi i глядзiць... глядзiць на яго.