Сэрца на далонi, частка 4
Убачыўшы людзей з пакупкамi, ён успомнiў, як жонка сказала днi два назад нiбыта жартам, а магчыма, i з крыўдай: "Даўно ты, Сеня, падарункаў мне нiякiх не рабiў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года". Сямёну Парфёнавiчу раптам захацелася быць добрым, i ён пайшоў ва ўнiвермаг. Людзей - не прабiцца. Ён успомнiў, што паслаў ужо два пiсьмы ў Дзяржплан рэспублiкi з просьбай асiгнаваць сродкi на будаўнiцтва другой унiверсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце. "Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, - зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвiлiну мусiў прызнаць: - Пабудуюць. Цяпер лёгка". Усё, што будзе рабiцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкiм. Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася. Дырэктар скардзiўся: - Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць. - Парайце, што купiць у падарунак жонцы. - Сямён Парфёнавiч! - з дакорам зазначыў дырэктар. - Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць? "Падхалiм", - падумаў Гукан i строга адказаў: - Я гэтага не люблю. Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара. - Што б вы хацелi? - спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце. "Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну", - усё больш i больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай: - Далiбог, не ведаю. На ваш густ. - Колькi год вашай жонцы? Ён уздыхнуў: - Пенсiённы век. У чароўных вачах тавараведкi скокнулi чорцiкi: - Ёсць цудоўныя шалi. Ёсць венгерскiя кофтачкi. Гукану хацелася спытаць: "А на прылаўках яны ў вас ёсць?" Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно. - Давайце шаль. Давайце кофтачку. - Вось гэта муж! - аднагалосна ўхвалiлi ўсе тры жанчыны, якiя прысутнiчалi ў кабiнеце, хоць на самiх iх былi найлепшыя iмпартныя кофтачкi, такiя, якiх яго жонка бадай што нiколi не насiла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там нi здарылася, а ён такi добры чалавек быў i ёсць. На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзiла нямнога, з Гуканам прывiтаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамi ў руках i размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе i калi сустракаўся з iм, Сямён Парфёнавiч нiяк не мог. I раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач. - Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архiтэктар. З наступаючым Новым годам. - Дзякую. Вас таксама. - Мне захацелася сказаць вам, што праект, якi я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленiнградзе атрымаў першую прэмiю. - Вiншую вас. - Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хвалiць, а пасля столькi валаводзiць i... адхiлiць... - Тут ужо не мая вiна. Вашы калегi... - Не валiце з хворай галавы... Гукан спынiўся, уражаны нахабнасцю i дзёрзкасцю маладога архiтэктара. - Малады чалавек! Не забывайце!.. - Я нiчога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагi да людзей i да праектаў. Выселкi забудоўваюцца дрэнна, - хлопец адсалютаваў левай рукой i пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы i чакала.