Сэрца на далонi, частка 4
Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавiч прыцiснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца. Шыковiч пiсаў дакументальную аповесць пра падполле. Але "белая пляма" група iнфекцыйнай бальнiцы - моцна перашкаджала завяршэнню работы. Уласна кажучы, не было нiякай "белай плямы". Пра гэтую групу ён ведаў цяпер больш, чым пра любую другую. Аднаго толькi не разумеў: навошта гестапа спатрэбiлася такая правакацыя з Савiчам? Гэтага не разумелi многiя. Выказвалi сумненнi. Яны злавалi Кiрылу: жыве яшчэ недавер да людзей! Хiба жывыя людзi - Сухадол, Зося - не самыя лепшыя дакументы? Праўда, нiхто, акрамя хiба Гукана i Рагойшы, так адкрыта не паказваў, што не верыць iх расказам. Аднак недзе памiж радкамi выказванняў самых аб"ектыўных i шчырых людзей Шыковiч чытаў: усё-такi Зося дачка, Сухадол - нейкая лекарка, да таго ж не такая ўжо актыўная падпольшчыца, старая жанчына, якая з-за склерозу i даўнасцi магла шмат што наблытаць. Урэшце i сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нiтачкi, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў нiткi, або секчы гордзiеў вузел. Ён шукаў настойлiва, упарта. Ездзiў у цэнтральны партызанскi архiў. Доўга сядзеў там, выкарыстаўшы свой адпачынак. Шукаў падпольшчыкаў. Ах, каб яму далi магчымасць апублiкаваць артыкул! Тады людзi, безумоўна, прыйшлi б самi. Тарасаў абяцаў, але ўсё чамусьцi адцягваў. Шыковiч у адным памыляўся: яму здавалася, што ўсёй гэтай справай па-сапраўднаму займаецца адзiн ён. Ды яшчэ Яраш. I ўсё. Ён не думаў, што падполлем займаюцца многiя людзi, па розных лiнiях, у розных аспектах. Яго пошукi, магчыма, толькi з"явiлiся тым каталiзатарам, якi паскорыў рэакцыю. Неўзабаве ён зразумеў гэта. У лiстападзе ўжо, калi за акном лёталi "белыя мухi", пазванiў Сербаноўскi. Кiрыла даўно не бачыўся з капiтанам i ўжо амаль страцiў надзею, што той можа нечым памагчы яму. Сербаноўскi прасiў зайсцi да яго заўтра. - А сёння нельга? - з нецярплiвасцю спытаў Шыковiч. - Не, заўтра. У адзiнаццаць. Капiтан за гэты час зрабiўся маёрам. Вырас. Але здавалася, яшчэ больш схудзеў: глыбей запалi вочы i як бы пабольшалi вушы - адтапырылiся наперад, быццам чалавек насцярожана ўслухоўваўся ў падманную цiшыню. Вiтаючыся, Шыковiч адчуў мазалi на яго далонi, успомнiў пра хворую жонку i пашкадаваў гэтага засяроджанага i, вiдаць, упартага ў любой працы чалавека. Але Сербаноўскi нечакана выявiў даволi бадзёры настрой i добрую, амаль сяброўскую прыязнасць. - Што маем новае, Кiрыла Васiльевiч? - Па групе чыгуначнiкаў знайшоў гару новых дакументаў, па групе Савiча... - Шыковiч развёў рукамi. - Акрамя ўсяго iншага, гэтыя людзi здорава ўмелi маўчаць. - Але, - згадзiўся чэкiст. - Не дзеля ўласнай славы яны змагалiся. I не думалi, што нам з вамi прыйдзецца не спаць начамi, каб даследаваць iх дзейнасць. Не спыняючы размовы, маёр набраў нумар тэлефона, коратка загадаў: - Арыштаванага Дымара да мяне. Шыковiч устрапянуўся: - Што-небудзь новае? - Зараз пабачыце i пачуеце, - усмiхнуўся Сербаноўскi. Падняўся з-за стала, пацягнуўся, падышоў да акна i адчынiў фортачку. - Як ваш сябра Яраш жыве? Шыковiч насцярожыўся: цi не дайшла i сюды, у гэты старажытны будынак, плётка пра сувязь Антона о Зосяй? Адказаў жартам: - Рэжа людзей без лiтасцi. - Мне Вагiн расказваў: здорава ён выступiў на сесii. Малайчына! - Але. Прыйшлося каму-нiкаму пачухацца. Пастукалi ў дзверы. - Заходзьце! - гучна крыкнуў Сербаноўскi. Хутка ўзяў ад сцяны крэсла, паставiў на вугал стала, з таго боку, дзе сядзеў сам. Кiўнуў Шыковiчу: - Сюды, калi ласка...