Сэрца на далонi, частка 4
- Ты не пазнаеш гэтага чалавека? - забыўшыся, на "ты" крыкнуў Шыковiч, працягваючы трэцi здымак - вялiкi фотапартрэт Гукана. Зося ўся сцялася i спалохана адступiла ад яго. - А калi я памылюся? - цiха-цiха спытала яна. - Прайшло столькi год! - Гэта - Сажань? - перайшоў Шыковiч да iмклiвага наступу. Не адказваючы проста, яна спытала: - Хто ён, гэты чалавек? - Старшыня гарсавета Гукан. Дзiўная ўсмешка скрывiла яе твар: яна чула гэтае прозвiшча сотнi разоў, i тады, калi працавала ў атэлье, i ў бальнiцы, i яшчэ часцей цяпер ад iх Кiрылы Васiльевiча i Антона Кузьмiча, калi яны часам заходзiлi да яе i вялi размову пра Шыковiчаву работу, мiнулую i цяперашнюю. Дык вунь каго яны з бацькам ратавалi! Не, нiякiх асаблiвых пачуццяў у яе не ўзнiкла, акрамя аднаго: раптам захацелася нiколi-нiколi не чуць, не ўспамiнаць гэтых iмён Сажань-Гукан. Забыць iх у адзiн мiг i назаўсёды. Нясмела, няўпэўнена, як малая, яна спытала: - А можа, не трэба, Кiрыла Васiльевiч? - Што не трэба? Чаго вы баiцеся? Яго? - Я не за сябе. За вас. - За мяне? Го-о! - ён галёкнуў. - Не той час, Соф"я Сцяпанаўна, каб баяцца! Ён сам увесь час дрыжаў. I цяпер дрыжыць... А мы станем гнiлымi лiбераламi, пляснiвымi гуманiстамi, калi не будзем выводзiць такiх на чыстую ваду... Калi ты выдаеш сябе за героя, то будзь ва ўсiм героем. А ён баяўся за сваю кар"еру!.. За яе затаптаў у гразь... Зося пакутлiва зморшчылася, як ад болю. - Ну добра, добра. Не думайце i не хвалюйцеся. Нiчога асаблiвага не здарыцца. Мы надзiва добрыя. Самае большае - яго пашлюць на пенсiю. "Куды цябе пашлюць, гэта я не ведаю. Але пагаварыць з табой я пагавару. Зараз жа. Пагавару так, як з табой не гаварыў яшчэ, бадай, нiхто!" - не думаў, а гнеўна шаптаў Шыковiч, на хаду апранаючы сваю куртку i збягаючы з другога паверха. Ён зноў запалiўся i прагнуў дзейнасцi. Iшоў, думаў, як уварвецца ў кабiнет Гукана i якiя словы скажа. А калi там наведвальнiкi? Скажа i пры iх! Няхай ведаюць. Скандал? Няхай выклiча мiлiцыю i выведуць яго. Але, нягледзячы на такое гарэнне i завiруху ў думках, пасля таго як убачыў таполi i раку, да яго вярнулася звычайная аптымiстычная здольнасць любавацца навакольным: зiмой, дрэвамi, жанчынамi, дзецьмi". Падаюць сняжынкi, сухiя i... цёплыя. З крутога адхону з"язджаюць у роў на лыжах хлапчукi. Кiдаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шыковiча на мiг аж страх апанаваў. Але тут жа стала радасна ад iх смеласцi. Як хораша было б, каб вырасла пакаленне людзей, якое нiчога не баялася б! Але ўспомнiў сына. Славiк бадай нiчога не баiцца, аднак гэта не зрабiла яго лепшым. Наадварот. Ёсць iншыя нормы, якiх чалавек павiнен прытрымлiвацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзiцца ва ўзаемасувязi i ўзаемазалежнасцi. Шыковiчу не хацелася паглыбляцца ў фiласофскiя разважаннi, i ён пачаў узiрацца ў твары людзей, ён здаўна любiў гэтую гульню: адгадваць прафесiю чалавека i чым ён заклапочаны ў той момант. Некалi ён пажартаваў, што нiдзе няма столькi прыгожых жанчын, як у iх горадзе. Яраш i Валя смяялiся, а Галiна Адамаўна згадзiлася. Можа, таму, што сама прыгожая, цi, можа, каб яшчэ раз нагадаць мужу, як многа спакусы на яго шляху, а таму няхай асцерагаецца. Цяпер, узiраючыся ў твары жанчын, Кiрыла Васiльевiч пераконваўся, што яго жарт адпавядае сапраўднасцi. Кажуць, жанчыны - што кветкi, расцвiтаюць вясной. Не, яны цвiлi i ў снежнi, на парозе Новага года. Расчырванелыя, рухавыя, хораша заклапочаныя, яны, здавалася, запаланiлi ўвесь горад. На цэнтральнай вулiцы, каля ГУМа, не прабiцца.