Сэрца на далонi, частка 4

- Мама! - паспрабавала спынiць яе Наташка. - Маўчы, няшчасная! - цыкнула яна на дачку i выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз"юшаная. Кiнула мужу: - Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькi з-за iх, - яна паказала пальцам на дзяцей, - я маўчу i цярплю!.. Вiця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнiчай позе, гатовая зноў абаранiць бацьку. Антон Кузьмiч, не адказваючы жонцы, спынiў сына: - Збiрайцеся, дзецi, на каток. Сёння i я пайду разамну свае старыя косцi. Яны любiлi хадзiць з iм на каток. На яго, такога асiлка, усе звярталi ўвагу i любавалiся яго лёгкасцю i спрытам. Яны ганарылiся сваiм бацькам - ён усё ўмее i ўсё робiць дасканала. Дзецi кiнулiся апранацца. А Галiна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам i, задыхаючыся, прашаптала: - Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею... Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат? Раней у хвiлiны такiх успышак ён хапаў яе за рукi, прыцягваў да сябе, цалаваў i... супакойваў... Цяпер ён не мог гэтага зрабiць. Панурыўшыся, як Вiця, ён выйшаў у калiдор шукаць канькi. Галiна Адамаўна запэўнiла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму i дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабiла яе яшчэ больш падазронай, але i асцярожнай: не даць прычыны. Пры сваёй рэўнасцi яна, аднак, нiколi не шпiёнiла за мужам, як робяць гэта другiя жонкi. Залiшне лiчыла сябе чыстай i гордай, каб унiжацца да тайнага падглядвання i распытвання. А тут не вытрымала. Днi праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазванiў Кiрыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклiчнiкi: ыгы, так, не. Быў у iх шматгадовы звычай: сазванiцца ўвечары, сустрэцца на вулiцы i пагуляць. Часам яны выходзiлi з жонкамi, але часцей адны. Раней Галiна нават заахвочвала такiя прагулкi. Але цяпер... Яна здагадалася, што мужчыны дамовiлiся пайсцi туды. Цяпер яна не верыла не толькi мужу, але i Кiрылу... О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькi робiць хiтрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурнiца Валя! Хоць што Валi! Яна проста стала абыякавай да Кiрылы. Сваiм восьмым класам занята больш, чым мужам i ўласнымi дзецьмi. У Валi пры любых акалiчнасцях нiчога не парушыцца, дзецi дарослыя... А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца - не дзеля сябе! - дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якiх ён, бацька, настройвае супраць яе, мацi. Яна не спытала, куды ён iдзе. Але як толькi Антон Кузьмiч зачынiў за сабою дзверы, яна хутка накiнула хустку, футра, выскачыла следам, пайшла назiркам. Яна не памылiлася. Сапраўды, у той вечар яны дамовiлiся наведаць Зосю. Кiрылу хацелася парадаваць жанчыну: вызвалялася месца, у бiблiятэцы рэдакцыi. Зося сама прасiла iх памагчы ёй знайсцi работу. "Толькi не ў атэлье", - цяжкае ўражанне засталося ў яе ад гэтага атэлье. Яраш i Шыковiч доўга думалi, куды яе ўладзiць. Нарэшце Кiрылу прыйшла гэтая iдэя: самая спакойная работа, па яе здароўю. Калi супрацоўнiкi будуць ведаць, што перажыла iх новая бiблiятэкарка, можна быць упэўненым, што нiхто нiколi i нiчым не расхвалюе яе - людзi добрыя. Але месца было занята. У бiблiятэцы сядзела малапiсьменная старая жанчына Фаня Сямёнаўна. Яе трымалi таму, што яна была найстарэйшая работнiца рэдакцыi, працавала амаль з дня заснавання газеты - недзе на другiм годзе рэвалюцыi. Ёй даўно пара ўжо на пенсiю, але яна ўпарта не хацела пакiдаць работы. "Рэдакцыйная матка", "шэф", "Еўфрасiння Полацкая" - называлi яе за вочы. Мужчыны адносiлiся з абыякавай iронiяй, жанчыны ж проста не любiлi: як большасць старых, Фаня Сямёнаўна была бурклiвая, прыдзiрлiвая, умешвалася не ў свае справы, у прыватнае жыццё, прынцыповасць яе часта пераходзiла ў пляткарства. Таму iдэю Шыковiча угаварыць яе пайсцi на пенсiю - усе горача падтрымалi. Угаворы цягнулiся месяцы са два. Кожны, як умеў, распiсваў ёй выгады пенсiянерскага жыцця. Урэшце старую "даканалi".