Сэрца на далонi, частка 4
- Маленькую?! Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасiць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад iм, скрыжаваўшы на прыцiснутым да грудзей падарунку рукi, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы. Антону Кузьмiчу таксама зрабiлася няёмка. - Ну, прабачце, - сказаў ён. - Яшчэ раз вiншую. Шчасця вам i здароўя... Мой першы клопат... Тады яна расставiла рукi, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступiла да яго i раптам... прыпала тварам да халоднага палiто, да пахучай поўсцi каўняра. Ён зусiм разгубiўся, не ведаючы, што рабiць. - Што з вамi? Яна адказала не адразу. Праз нейкi момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлiвасцi, без збянтэжанасцi, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмi блiзкiя людзi. - Са мной? Нiчога. - I гэтак жа проста папрасiла, упершыню на "ты": Нахiлiся, я пацалую цябе, - i паднялася на пальчыках. Нечаканая гэтая просьба чамусьцi не здзiвiла Антона Кузьмiча, i ён без вагання нахiлiўся i сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы - перашкаджалi пакункi. Ёй захацелася ў адказ павiншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблiвага? А яна гэтак жа нечакана i раптоўна - жанчыну нiколi нельга зразумець! выслiзнула з яго рук, павярнулася i, нiчога не сказаўшы, пайшла ў пакой. Антон Кузьмiч неўразуменна пацiснуў плячамi i цiхенька, нiбы ў кватэры спала дзiця, выйшаў. Яны сядзелi ў кабiнеце ў Яраша. Кiрыла - у старым скураным крэсле, схiлiўшыся, закрыўшы твар рукамi; Валянцiна Андрэеўна - на краi жорсткай канапы, на якой аглядалi хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвiлiнку, на момант i тут жа падхоплiвалася, нецярплiва камечачы мокрую хусцiнку, ломячы пальцы рук. Падыходзiла да стала, нервова перастаўляла на iм канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмiчнай ракеты. Баязлiва дакраналася да чорнай скрынкi танометра. Адны i тыя ж рухi кожны раз. Потым кiдалася да прыадчыненых дзвярэй i напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цiшыню бальнiцы. Хоць увогуле цiшынi не было. Угары, над iмi, хадзiлi, гаманiлi, ляпалi: хворыя страчалi Новы год. Кiрыла сядзеў нерухома. Можа, упершыню ў жыццi ён гэтак доўга сядзеў у такой нерухомасцi. Зрэдку адсоўваў далоню i сачыў за жонкай. Вось яна зноў тройчы пераставiла ручку-ракету, як бы хочучы адвярнуць убок яе пагрозлiва нацэленую вастрыню. Нарэшце здагадалася: выняла ручку з крылатага каўпака на зялёнай падстаўцы - i "ракета" разбурана, абясшкоджана. Прайшла да парога. Прыслухалася. - Я не магу. Я пайду туды. Кiрыла адняў ад твару рукi, папрасiў: - Не трэба, Валя. Iдзе аперацыя. - Але, але, - адразу пакорлiва згадзiлася жанчына, прысела на канапу, зацiснула хусцiнкай распухшы ад слёз нос. Нейкi момант было чуваць, як цiкаў Кiрылаў ручны гадзiннiк. А потым зноў гучна затупалi ўгары. Нехта, вiдаць, скакаў па лесвiцы на мылiцах. Валянцiна Андрэеўна прыглушана ўсхлiпнула: - Калi ён памрэ, я таксама не выжыву. - Ну навошта такiя думкi? Усё будзе добра. - Добра! О Божа! Мне абрыд твой аптымiзм. Усё ў цябе добра. Гэты твой аптымiзм пераходзiць ужо ў абыякавасць. Да ўсяго. Да мяне. Да дзяцей. Усё ў нас будзе добра - навошта ж ламаць галаву? Хапае другiх праблем... Яна кiнула гэта са злосным дакорам. Кiрыла зноў папрасiў: - Не трэба, Валя. Пра гэта пасля. Не хапае нам яшчэ пачаць сварыцца... Цяпер... Яна разумела i ў душы ўхваляла мужава маўчанне ў такi момант, калi сын на аперацыйным стале. Але, лепш усё-такi маўчаць. Чалавек робiцца прымхлiвы, калi ведае, што блiзкi яго на краi жыцця. Не трэба думаць пра яе - смерць. Але Валянцiне Андрэеўне лезлi ў галаву самыя жахлiвыя думкi, таму ёй цяжка было сядзець у нерухомасцi i тым больш маўчаць. Яна зноў усхапiлася. Зноў падышла да стала. Механiчна працягнула руку, але нi да чаго ўжо не дакраналася (пэўна, яе несвядома трывожыла "ракета").