Сэрца на далонi, частка 4

- На ноч бярэцца мароз. - Але... Пятнаццаць ужо. - У полi, напэўна, больш. - Натка лёгка адзяецца. Баюся, прастудзiцца. - Наташа не прастудзiцца. - Прашу вас, доктар, да стала. Ён здзiвiўся, што за такi кароткi час - некалькi хвiлiн - яна так хораша i прыгожа сервiравала стол. У гэтай жанчыны свой талент: яна добрая мацi i гаспадыня. Антон Кузьмiч сеў за стол. Жонка села насупраць. Пiльна, з замiлаваннем i пяшчотай глядзела на яго. Гэтае замiлаванне неяк дзiўна збянтэжыла яго. Зрабiлася няёмка глядзець ёй у вочы. Ён заняўся бутэлькамi. Доўга адкаркоўваў бутэльку з каньяком. Яшчэ даўжэй, з асцярожнасцю - не залiць бы абрус! шампанскае. Галiна любавалася яго вялiкiмi i прыгожымi рукамi, павольнымi рухамi. Ён налiў шампанскае ў высокiя келiхi. Стралялi пахучымi пырскамi бурбалачкi, лопаючыся. - За нашых дзяцей! - першая прапанавала тост Галiна Адамаўна, па-мацярынску шчыра. - За нашых дзяцей. Наташа цiха адчынiла дзверы (у кожнага з iх свой ключ, бо выходзiлi з дому i прыходзiлi яны ў розны час), цiха палажыла канькi, ведаючы, што мацi не любiць, калi стукаюць, а ў апошнi час мацi вельмi нервовая. I раптам паверх занавескi на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што мацi i бацька сядзяць за сталом i... чокаюцца келiхамi. Памiрылiся! Ёй гэта найлепшы навагоднi падарунак. Таму не магла яна стрымаць сваёй дзiцячай непасрэднасцi. Ускочыла ў пакой, калi яны толькi прыгубiлi келiхi, здзiвiўшы iх - адкуль узялася? - падбегла да бацькi, абняла, моцна пацалавала. - Я люблю цябе, тата! Ты добры, ты разумны! - Потым, як вавёрка, пераскочыла да мацi, пацалавала яе. - I цябе люблю, мама! - I закружыла па пакоi, як на катку, грацыёзная ў сваiх блакiтных штонiках, чырвоным свiтэры i такой жа чырвонай шапачцы. - Я люблю вас! Я ўсiх люблю! Усiх добрых людзей! Яраш засмяяўся, шчыра ўзрадаваны, што з"явiлася дачка. Прапанаваў жонцы: - Вып"ем за добрых дзяцей. I за добрых людзей! Але, п"ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такi час? 1960-1963 гг.