Сэрца на далонi, частка 4

"Бачу, я вам абрыдла, - сказала яна на прафсаюзным сходзе, - чорт з вамi! Але пагляджу, як вы напрацуеце без мяне! Памрэ хто, як пахаваеце!" Сапраўды, у арганiзацыi пахавання, калi здаралася такое няшчасце, Фаня Сямёнаўна была незамянiмым чалавекам. Бiблiятэкарка падала заяву. У рэдакцыi дамовiлiся, што ў навагоднi вечар яе ўрачыста праводзяць на пенсiю. Рэдактар i мясцком расшчодрылiся на каштоўныя падарункi. Кiрыла расказваў пра камiчныя выпадкi, якiя ўзнiкалi ў часе гэтай "пенсiённай кампанii". Гучна смяяўся сам. Смяшыў Яраша. Галiна Адамаўна, якая iшла за iмi на пэўнай адлегласцi, не чула, пра што яны гавораць, але чула iх смех, i ён кроiў яе сэрца: iм весела, можа, здзекуюцца з жонак. Калi яны пайшлi ў дом, яна засталася на вулiцы, бязлюднай, ускраiннай, над самай ракой. I раптам ёй зрабiлася страшна, сорамна, брыдка. Нiколi яна не адчувала сябе такой прынiжанай, растоптанай. Навошта яна прыйшла сюды? Хiба яна можа прымусiць любiць сябе, калi няма ў яго сэрцы гэтага пачуцця? Ды i цi было яно калi? "Не кахае, сумна яму са мной, сказаў бы шчыра". Слёзы застылi на шчоках, i Галiна Адамаўна выцерла iх калючымi рукавiчкамi. Усе зайздросцiлi яе шчасцю: такi муж! Смешна. Вось яно, яе шчасце. Хацелася гучна i злосна засмяяцца. Але перамагала не злосць, перамагаў жаль, да сябе, да дзяцей, нават да яго, мужа: калi-небудзь схамянецца, ды будзе позна! Але, будзе позна... Ён кажа, што ў яе няма элементарнай iнтэлiгентнасцi. Можа быць. Але ў яе ёсць жаночая гордасць! Больш нiчым не ўнiзiць яна сябе - нi падглядваннем, нi iстэрыкай, нi дакорамi, нi просьбамi. Мужна вытрымае ўсё! "Але дзяцей не аддам! Не!" Скалелая, разбiтая, яна раптам кiнулася ад дома. Хутчэй прэч адгэтуль, каб нiхто не ўбачыў яе тут. Але бегчы ёй стала цяжка. Яна задыхалася. Як прыступ астмы; нiчога такога нiколi не было. Галiна Адамаўна прытулiлася да нейкага паркана, аграбла з карнiзiка снег, набiла iм, пякуча-халодным, рот. "Цяпер ужо ўсё адно..." Тарас i Вiця сядзелi на кухнi, адзiн супраць аднаго i нацiралi пастай лыжы з такой стараннасцю i сур"ёзнасцю, быццам чысцiлi зброю перад атакай. Наташка стаяла, прытулiўшыся плячамi да вушака дзвярэй, i з такой жа сур"ёзнасцю сачыла за iх работай. Доўга сачыла. - Ты чаму маўчыш, Натка? - спытаў Тарас. - У яе голас ламаецца, - адгукнуўся Вiця. - А ў цябе мазгi... - Ну, ну, ну, зноў пасварыцеся. Не, сварыцца iм не хацелася. Апошнi час яны жылi надзiва дружна. I цяпер Вiцю хацелася папрасiць у Наташы прабачэння, калi гэты жарт, нявiнны, як яму здавалася, пакрыўдзiў яе. Хлопец сам здзiўляўся: нiколi раней ён не адчуваў да сястры такой пяшчоты i ўвагi. Наташа раптам асцярожна, без стуку, шчыльна зачынiла дзверы. - Тарас! Ты разумны. Памiры iх. - Каго? - Маму i тату. - На-а-тка! - з дакорам працягнуў Вiця, нiбы яна адкрывала вялiкую тайну некаму чужому. - А я не магу так больш. Не магу!.. - Голас дзяўчынкi задрыжаў. Заняты сваiмi справамi i пачуццямi, ён асаблiва не задумваўся над тым, як перажываюць малыя разлад бацькоў. Нечаканая Наташына просьба кранула яго. Ён падняўся з табурэта, паставiў лыжы ў куток, памiж дзвярамi на балкон i халадзiльнiкам "ЗIЛ". Наблiзiўся да сястры. Яна глядзела яму ў твар з надзеяй, малiла вачамi, поўнымi слёз. - Так нельга жыць!.. - На-а-тка! - зноў перапынiў яе брат. Яна не агрызнулася, яна сказала яму мякка, як старэйшая: - Ты бесхарактарны, Вiця. У каго ты такi ўдаўся? А я не магу... - Я iх памiру, - упэўнена сказаў Тарас i сам паверыў, што здолее зрабiць гэта, хоць добра помнiў, чым скончылася першая спроба пагаварыць з мацi.