Сэрца на далонi, частка 4
Кашлатыя бровы Швагерава варухнулiся ад здзiўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле i праскрыпеў: - Пра Кляшча я нiкому слова не сказаў. Швагераў пакiваў галавою: - Мне пра Яраша ён не гаварыў. - Швагераў, я не хачу вам лiшнi раз напамiнаць, што значыць для вас шчырасць i сумленнасць. - Таварыш маёр! За сваю вiну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталi мае характарыстыкi... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука? - Сам ты павук! - злосна агрызнуўся Дымар. - Быў, - спакойна згадзiўся Швагераў. - Але цяпер стаў чалавекам. - Вы ведалi, - Сербаноўскi глянуў у паперы, - Лотке? Механiк у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскiм. - Лотке? - Швагераў хмыкнуў. - Якiх толькi прозвiшчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланiст з Украiны. Шпiён. - Агент СД? - Безумоўна. - Дымар быў знаёмы з Крафтам? - Не, не быў! Не ведаю нiякага Крафта! - паспяшаўся адмовiцца стары правакатар. - А па-мойму, быў, - сказаў Швагераў. - Нешта мне прыпамiнаецца, што, калi ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначнiка. - Мала каму я шыў! Усiх... - Ясна! - перапынiў Сербаноўскi. - А цяпер паўтарыце коратка свае паказаннi па справе Савiча. Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывiльным, i павярнуўся да Шыковiча, пачаў расказваць яму: - Ну, Савiча мы лiчылi надзейным. Вядома, для "новага парадку". Многiя дзеячы выклiкалi падазрэнне. Ён - не. I раптам яго запiска, - кiўнуў на Дымара, потым на стол, - тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, - зноў кiўнуў на свайго былога сябра. - Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пiсаў, каб пакiнуць дакуменцiк, вiдаць. - Хлусiш! - праскрыпеў Дымар. - Навошта ж мне хлусiць? Я нават разгубiўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавiць такога сама, як доктар Савiч. Падзяка, грошы, кар"ера, няхай яны спрахнуць... Мы ж там адзiн аднаму не верылi, адзiн аднаго хавалiся, каб перахiтраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам... Вялiкая адказнасць. Куды мне! Начальнiку сказаў. Той, помню, таксама разгубiўся. Калi, кажа, Савiч з iмi, з нашымi, значыцца, з партызанамi, нiкому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савiч - труба будзе нам. Узяць яго без доказаў - таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнiк. Мне нiчога не даручыў, хоць справай з медыкаментамi займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовiлiся весцi яе, як звычайную крымiнальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымiнальнымi справамi менш цiкавiлiся. Хто з iх данёс у гестапа, - ён, - зноў кiвок у бок Дымара, - цi начальнiк палiцыi - гэтага я не ведаю. - Сам ты!.. Сам данёс! - раптам закрычаў Дымар. -А цяпер хочаш звалiць на мяне? Хочаш быць чысценькiм? Не выйдзе! - Не, я не чысценькi. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзiце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпiёнiць за Савiчам. Я наогул нi за кiм не шпiёнiў. Я вёў справы як следчы. - Па сутнасцi, - заўважыў Сербаноўскi. Швагераў зноў павярнуўся да Шыковiча. - Натуральна, што Савiчам занялося само гестапа. Не паспелi мы агледзецца, як усё здарылася... Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту i смерцi доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнiк партызанскага штаба. Ад каго, якiм чынам яны даведалiся пра гэта, нiхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У палiцыi казалi, што Савiч адстрэльваўся. Сапраўды, былi забiты два гестапаўцы i тры цi чатыры ранены. Забiлi Савiча цi сам застрэлiўся - пра гэта маўчалi. Хто мог разявiць рот, калi афiцыйна было аб"яўлена, што доктара забiлi партызаны? Пасля нашаму начальнiку расказаў п"яны ад"ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыi "Доктар" - яны назвалi гэта цэлай аперацыяй - машыны гестапа былi абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Вiдаць, тады i былi забiты i ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта i навяло iх на думку аб"явiць, што Савiч забiты партызанамi. Вы пыталiся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баялiся прыкладу. Калi агласiць, што шасцiдзесяцiгадовы доктар, кiраўнiк аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў i ўсiх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралiзаваць тых, хто быў звязаны з Савiчам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар iнфекцыйнай бальнiцы Акулава...