Сэрца на далонi, частка 4
"У гэтым горадзе змяшалася кроў нацый, якiя маюць найлепшых красунь, беларускай, расейскай, украiнскай, польскай". - Шыковiч амаль узрадаваўся нечакана ўзнiкшаму тлумачэнню. Жарт ператварыўся ў выснову. Хутка ён злавiў сябе на тым, што перастаў думаць пра Гукана. Утаймавалася абурэнне. Аслабла жаданне ўварвацца ў яго кабiнет i кiнуць яму ў твар словы-каменнi. Навошта? Цi не можа гэта даць Гукану лiшнiя козыры?.. Людзi накiнуцца на сенсацыйную дробязь i застануцца безуважлiвымi да галоўнага. Не, справу трэба даводзiць да канца з ранейшым спакоем i разважлiвасцю. Яшчэ праз хвiлiну Кiрыла адчуў, што, акрамя ўсяго таго, што падказвае розум, яму проста не хочацца сустракацца з гэтым чалавекам, бачыць яго. Брыдка. А тым больш што ён, Шыковiч, не зларадны, не "крыважэрны". Яму нават усё адно, што будзе з Гуканам як работнiкам: дадуць яму вымову, выганяць, пашлюць на пенсiю. Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нiшто - нi хiтрыкi, нi заслугi, ваенныя i мiрныя, - не паможа яму выкруцiцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока яе нi закопвалi, у якiя б вiры нi тапiлi, у якiх бы архiвах нi хавалi, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю i з"явiцца людзям у сваiм першародным харастве. "Вось так, Сямён Гукан!" Не дайшоўшы квартала да гарвыканкома, Шыковiч хвiлiну пастаяў на рагу вулiц, паназiраў за людзьмi i рушыў у другi бок - да гаркома партыi. Галiна Адамаўна адразу ж здагадалася, што муж парушыў клятву, якую даў ёй, што ён зноў наведваўся да той. I зноў стаiў, зноў не прызнаўся. Чаму? Парушэнне клятвы яшчэ больш абурыла i абразiла яе. Але яна змаўчала, хоць усё кiпела i гарэла ў ёй. Яна баялася сваркi, разрыву i прымусiла сябе маўчаць. Дзеля дзяцей. Выкрык Наташы, варожасць дачкi спалохалi яе. Яшчэ больш усхвалявала замкнутасць i адчужанасць Вiцi, яе любiмца. Дзеля спакою дзяцей i спакою яго, Антона, яна гатова на любыя пакуты, душэўныя i нават фiзiчныя. Знешне ў доме ўсё нiбыта было добра. Разам снедалi, разам спяшалiся на работу. Абедалi не заўсёды разам - Антон часам затрымлiваўся ў клiнiцы, на кансультацыях. Але кожны раз, больш акуратна, чым раней, званiў i паведамляў, дзе ён. Разам вячэралi, усёй сям"ёй глядзелi тэлевiзар цi, пакiнуўшы дзяцей дома, хадзiлi ў кiно, у госцi. Але Галiне Адамаўне здавалася, што муж зусiм не той, што раней, - не такi ласкавы. Ад гэтага яна пакутавала яшчэ больш, рэўнасць душыла яе, як хвароба. Але яна трывала i ў душы нават пачала ганарыцца сваiм падзвiжнiцкiм цярпеннем. Паступова ўваходзiла ў ролю пакутнiцы - дзiкую, пачварную ролю, якая калечыць душу. Я пакутую ў iмя Бога, у iмя iдэi, у iмя блiзкага свайго... i пачынаецца чортведама што, чалавек ператвараецца ў фанатыка i перастае разумець самыя простыя, надзiва лагiчныя i звычайныя рэчы. Галiна Адамаўна трохi не дайшла да гэтага... Выбух адбыўся нечакана. Аднойчы ўвечары, калi пiлi чай, Антон Кузьмiч сказаў спакойна, разважлiва: - Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесцi. А куды зносiць? Каб угаварыць Кiрылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад пiянерскi лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглi б нават выплацiць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацiлi. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраiх працуем. Валя гатова згадзiцца, Кiрыла ўпёрся... Вiця i Наташа першыя ўбачылi, як пабялела мацi, прыкусiла губу, i сцялiся, насцярожылiся. - Бо ў Кiрылы сям"я, дзецi... I ён думае пра iх, - пачала яна цiха, але тут жа сарвалася на крык: - А ў цябе няма сям"i, няма дзяцей! Табе нiчога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставiць сябе!..