Сэрца на далонi, частка 4
- Аддай мае канькi! Размовы не адбылося. I ўвесь наступны тыдзень Славiк быў заняты тым, што пiсаў Машы пiсьмы. Увогуле ён не любiў пiсаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланнi. Пiсьмы не падабалiся яму: яны былi сентыментальныя, як Iрынiн дзённiк. А ён ненавiдзеў залiшнюю чуллiвасць. Хацелася сказаць пра сваё каханне проста, але гэтак шчыра, каб яна адразу паверыла. Цяпер ён добра разумеў, што толькi вера ў сур"ёзнасць яго прызнання можа нарадзiць у Машы гэтакiя ж пачуццi. Толькi такiм чынам можна перамагчы сапернiка, а не дуэллю, бойкай, сваркай, знявагай, крыўляннем цi якiм iншым глупствам. Але такiя шчырыя пiсьмы не выходзiлi. Выявiлася, што напiсаць так, каб табе паверылi, гэта зусiм нялёгка. * * * Сакратар камiтэта Валодзя Клецень перабiраў у шуфлядзе стала паперы i доўга не пачынаў гаворкi. Тарас зразумеў, што размова мае быць далiкатная i Валодзя, хлопец добры i мяккi, хоча, каб пачала яе Вера Куцькiна, лабарантка, сябра камiтэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала i вельмi ўважлiва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа. Вера ў камiтэце - спецыялiст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалi яе гнеўную непрымiрымасць да ўсялякiх амаральных учынкаў. Тарас таксама цанiў яе прынцыповасць: нiкому не змоўчыць, калi трэба, - нi дырэктару, нi парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асаблiва дзяўчаты, iшлi да яе. Але што датычыць яе высокiх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькiна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнiкаў гэтых прынцыпаў - не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысцiнi i дабраты, а хутчэй - ад злосцi на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзiла. Таму Тарас трохi недалюблiваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залiшне ўважлiва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставiла сабе за мэту: абавязкова знайсцi крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы: - Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калi ласка, што мы не ангелы, мы - людзi. Маладыя хлопцы. Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькiна праявiць iнiцыятыву. Сказаў: - Давай, Вера, ты... выкладвай... Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, блiснула акулярамi, крутнула галавой. - Ох, лiберал! - I павярнулася да Тараса: - Даклад кароткi. Я патрабую, каб гэтага твайго пiжона Шыковiча выцягнулi на камiтэт. - Завошта? - Ён пакрыўдзiў дзяўчыну Нiну Байкач. - Як пакрыўдзiў? Вера сурова глянула на брыгадзiра з-пад акуляраў. - Не прыкiдвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзiць такi. Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калi гаварылi пра такiя рэчы маладыя людзi, ды яшчэ дзяўчаты. - Яна паскардзiлася табе? - Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нiкому нiчога не расказвае. Але сяброўкi чуюць, як яна начамi раве ў падушку. - А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? - нечакана спытаў Валодзя Клецень. Куцькiна доўга разглядала сакратара праз свае вялiкiя акуляры, як бы здзiўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўнiца, пакiвала яму пальцам. - Клецень! Табе не да твару такая пазiцыя. У цябе спытаюць... Гарком спытае... Чаму такi чалавек носiць званне сябра брыгады камунiстычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе... - Мы самi яго ўзялi. - Ведаю, што самi. А завошта? За якiя заслугi? - Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, - уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала: