Сэрца на далонi, частка 4
А можа, пайсцi да хлопцаў? I сумленна расказаць iм пра ўсё. I з Нiнкай пагаварыць - папрасiць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая "па начах раве ў падушку", але нiкому - нi слова. Але ж - сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такi пашляк i не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсцi да Машы i да гэтай жанчыны з добрымi сумнымi вачамi... Чамусьцi здалося, што толькi яны маглi б зразумець яго. Вельмi захацелася зайсцi да iх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопiць рашучасцi. - Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? - закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавiн i смачна ела свежую булку. - Думаеш, гарадскiя - дурнi, любую дрэнь праглынуць? Цi, можа, iм грошай няма куды дзяваць? - А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, хораша ўсмiхнулася яна. - Елкi як елкi. Хто гэта будзе добры ельнiк рубiць? У цябе елка два днi пастаяла, ды i на сметнiк. А з добрай ялiнкi якое дрэва вырасце! Яе мудрая разважлiвасць, спакой i здаровы апетыт неяк дзiўна супакоiлi Славiка, нават развесялiлi, настроiлi па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлiчыўся. Жанчына зычлiва параiла: - Галiнак захапi. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка. Славiк нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, i стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкi. Пакiнуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсцi ў новы год зусiм новым, без усяго мiнулага! Нехта ўчапiўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусцiць - няхай грымнецца нейкi дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славiк хутка павярнуўся. Перад iм стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку i ўсмiхалася. Чырвоная, як жар, рукавiчка гарэла памiж цёмнай зелянiны. Iскрылася iнеем хлапчуковая шапка. - З наступаючым, Славiк. Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павiншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў i блазнавата ўсмiхаўся. Потым яны iшлi побач. Неслi елкi, вялiкую i рэдкую - Славiкаву, маленькую i густую - Машыну. Як у лесе. Славiк сапраўды iшоў, як у лесе, - нiкога вакол не бачыў, нiчога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылi пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць... Яна са смехам развiтаецца i... пойдзе. А ён зноў застанецца са сваiмi пакутамi. Калi яшчэ здарыцца такi выпадак? Славiк спынiўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць. Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам: - Я люблю цябе, Маша. Я вельмi... I змоўк - спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабiлася раптам вельмi сур"ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавiчкай да адварота яго палiто. - Выкiнь з галавы, Славiк. Я выходжу замуж, - i ўздыхнула. Словы яе - як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механiчным цэху. Неяк назiраючы за яго работай, Славiк падумаў, што было б, каб пад молат трапiў чалавек. Ён "трапiў пад молат"... "Яна выходзiць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?" - Ты дзiця, Славiк. А я - старая. Мне дваццаць тры. Тарас - цудоўны чалавек. Усё. Цяпер - усё. Няма Машы, няма брыгады. Нiчога няма. Што ж рабiць? Кiнуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славiк доўга без мэты i без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля iх узбуджаныя i шчаслiвыя твары пачалi раздражняць яго. Што iх радуе? Новы год? Елкi? Смешна. Куды б пайсцi, дзе б схавацца, каб нiчога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?