Сэрца на далонi, частка 4
Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае - пра яго далейшы лёс - не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпiзод. Хiба не званiлi яму раней, не пагражалi, не пiсалi ананiмных пiсьмаў з самымi страшнымi пажаданнямi? Ён не звяртаў на iх увагi. Часам толькi паказваў у гаркоме, у абкоме i як бы выхваляўся: "Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нiкому з вас не прыйшло нiводнага такога пiсьма". Але выхадка гэтага творцы ў такi дзень!.. "З Новым годам павiншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцiлi вас. Ох, распусцiлi!" Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую вiну (ён не лiчыў яе такой цяжкай, як лiчыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваiмi заслугамi, ваеннымi, пасляваеннымi. I раптам гэты тып, недапечаны архiтэктар, замахваецца на апошнiя заслугi - у адбудове горада. "Выселкi забудоўваюцца дрэнна". "Саплякi! Папрацуйце вы столькi, колькi папрацаваў Гукан". Сямён Парфёнавiч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, i цяжка ўздыхнуў. Можна было iсцi дадому - рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьцi зрабiлася страшна iсцi ў пустую кватэру цi, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такiх размоў у свой службовы кабiнет, у якiм ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна i ўпэўнена. Рабочы дзень быў кароткi - напярэдаднi выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзiны. Аднак работнiкi разыходзiлiся. Праўда, убачыўшы старшыню, многiя збянтэжылiся, вярнулiся. Гукан умеў трымаць дысцыплiну, i яго баялiся. Ён не помнiў, каб калi-небудзь вось так разыходзiлiся. Гэта яго таксама спалохала. "Няўжо пранюхалi? Трэба сабраць усiх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну i павiншаваць з наступаючым". I тут жа падумаў, што выйдзе так, як павiншавалi яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збiраць супрацоўнiкаў. Яго ашаламiла, што няма сакратаркi. I пустата ў прыёмнай - нiводнай жывой душы. "Гэты пiсака мог раззванiць па горадзе раней, чым прынята рашэнне", - падумаў ён пра Шыковiча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца. Ён асцярожна распрануўся, сеў у сваё зручнае крэсла, адкiнуўся на спiнку, выцягнуў ногi. Толькi цяпер адчуў, як моцна змарыўся, зусiм разбiты, усё цела ные. Адпачынак прынёс заспакаенне. Ён доўга сядзеў, нерухома i бяздумна. Нiкога не хацелася выклiкаць, нiкога не хацелася бачыць. Толькi калi ў калiдоры загудзелi крокi i галасы - супрацоўнiкi выходзiлi ўсе адразу, ён як бы схамянуўся, глянуў на гадзiннiк - было роўна тры - i падумаў зноў са злосцю: "Адной хвiлiны лiшняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамi". I яму захацелася, на злосць усiм, працаваць да позняга вечара. Але што рабiць? Пазванiў свайму старому сябру Мухлю. - Пятро Макаравiч! З наступаючым... Прабач, брат, але навагоднi баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавiна. Дзякую. Перадам. Тваiм таксама. Трэба яшчэ двум чалавекам званiць - адмяняць запрашэнне. А жонка нiчога не ведае i, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазванiць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабiлася шкада жонкi. I падарункi, якiя купiў, здалiся мiзэрнымi i непатрэбнымi. Хiба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як нiколi раней, ён зразумеў, што яна - той адзiны чалавек, якi нiколi не пакiне яго, што б нi здарылася, з якiм яму давядзецца дажываць свае пенсiённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, i захацелася зрабiць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункi. Заказаў Менск. Далi хутка, хвiлiн праз дзесяць. Адказала дачка.