Сэрца на далонi, частка 4
Кiламетраў праз пятнаццаць - дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хiтрая i моцная. Насустрач iшоў ГАЗ-69. Славiк спачатку нiчога не падумаў: цi мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце "газiк" нiбы занясло - ён стаў пасярод дарогi. - А-а! - Славiк завыў, як дзiкун. - Вы так?! А мне як?! Мне як?! Але волi хапiла не перакiнуць нагi з педалi газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалi нервы ў мiлiцыянера, якi сядзеў за рулём: iрвануў машыну да кювета, i Славiк праскочыў i гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як "газiк" вылазiць са снегу, паварочваецца, i амаль радасна галёкнуў: - А што, укусiлi? Начальнiк раённай мiлiцыi, чалавек добры i спакойны, заключыў: - П"яны. Не ганi, Пятро. Нiкуды не дзенецца. А то яшчэ разаб"ецца, дурань. - Начальнiк шкадаваў п"яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкi шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. I ён нацiснуў на газ. Славiк раптам адчуў, што "Масквiч" як бы знясiлiўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такi нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкi. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. I Славiка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы iнерцыю, не здолее праскочыць вузкi мост, што ў яго не хопiць сiлы ўтрымаць руль i ён зляцiць у рэчку, праломiць лёд... Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. I ў той жа мiг Славiк адчуў, што машына, нiбы раз"юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Iрванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцiлася на месцы, адарвалася ад зямлi i па спiралi ўзнялася ў паветра. Адзiн вiток, другi, трэцi... Пры кожным вiтку стрымгалоў ляцелi падстрыжанымi вяршалiнамi ўнiз старыя вербы. Зося, пачуўшы званок, таропка адчынiла дзверы, убачыла Антона Кузьмiча аднаго i спалохалася. Яна чакала яго колькi дзён i... баялася. Ён таксама трохi сумеўся i нейкi мiг стаяў за дзвярамi, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велiчны, у багатай "баярцы", шалiкавы каўнер з нейкага адмысловага футра заiнеў наперадзе i, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькi пакункаў. Марозам i снегам, водарам елкi, святочным пахам пакупак i яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, i ў яе закружылася галава. Яна адступiла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачынiў дзверы. У калiдорчыку не было ўключана святло, i яны апынулiся ў паўзмроку. Зося мацала па сцяне, шукала выключальнiк i нiяк не магла знайсцi. Антон Кузьмiч цераз яе галаву працягнуў руку i адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусцiў адзiн з пакункаў. Нешта шкляное разбiлася. Зося хутка нахiлiлася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты мiг нахiлiўся, i яны стукнулiся галовамi, добра, што шапка яго такая мяккая. Антон Кузьмiч засмяяўся: - Гэта на шчасце. Яна не зразумела, што на шчасце, цi тое, што нешта разбiлася, цi тое, што яны стукнулiся, але таксама засмяялася. Ён сказаў тут жа ў калiдорчыку, трошкi ўрачыста, трошкi афiцыйна: - Вiншую вас, Соф"я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю... Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамi. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў... павiншаваць... I маленькi падаруначак прымiце... Ён працягнуў адзiн з пакуначкаў. Яна збянтэжылася: - Што вы! - але ўзяла i прытулiла да грудзей, як нешта самае дарагое. - Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункi. Люблю прынесцi хоць маленькую радасць.