Сэрца на далонi, частка 4
Не, няма чалавеку волi на зямлi. Тысячу ўмоўнасцей звязваюць рукi i ногi, тысячу страхаў падпiльноўваюць на кожным кроку. Ён, Славiк, доўгi час лiчыў, што пазбавiўся ад такiх "перажыткаў i забабонаў", як сумленне, сорам, каханне, пакланенне аўтарытэтам i г.д. Нi д"ябла не атрымалася. Ён не толькi такi, як усе, ён горшы - сентыментальны слюнцяй. А вiнаваты бацькi, гэта яны так выхавалi. I ў такiм абкружэннi перарабiцца, выходзiць, проста-такi немагчыма. На турыстаў крыкнуў - у каталажку, вузкiя штаны надзеў - у сатырыкон, дзяўчыну пацалаваў - прымусяць жанiцца. Жах! Дзень той, аднак, скончыўся спакойна: станiна яго не прыдушыла, у камiтэт камсамола не выклiкалi. Але Славiк не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нiнцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусiм не хацелася. I не страчацца боязна. З цэха i заводскiх варот яны выйшлi разам з Тарасам. Брыгадзiр часта затрымлiваўся, часам i зусiм заставаўся начаваць у iнтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць - спяшаўся, калi прапанаваў пайсцi пехатой? Тым больш не спяшаўся Славiк. Дома ў яго былi складаныя адносiны з Iрай. Яны, на здзiўленне мацi, зусiм перасталi сварыцца памiж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблiвай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позiркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы цiха было. Тарас доўга iшоў моўчкi. У яго быў свой клопат: адносiны ў сям"i Ярашаў у яго сям"i. З малых год ён ведаў рэўнасць Галiны Адамаўны i цяпер, калi ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведамiла яму Наташа, што мацi зноў да кагосьцi прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: мацi ўпершыню груба абразiла яе. Пасля iх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосi Антон Кузьмiч упершыню расказаў сыну пра свае адносiны з жонкай, расказаў усю праўду... Тарасу зрабiлася балюча: як можна ўскладнiць простыя i ясныя рэчы, забрудзiць чысцейшыя чалавечыя адносiны! Хочучы шчыра дапамагчы iм, ён паспрабаваў пагутарыць з Галiнай Адамаўнай. Але тая груба перапынiла яго: "Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы". Ён, Тарас, не прыхiльнiк таго, каб лезцi ў чужую душу. Але ж нельга i абыякавым заставацца, калi двое добрых i блiзкiх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення! - Катка сёлета, вiдаць, не дачакаешся. Бр-р, - скурчыўся Славiк i наставiў каўнер свайго лёгкага кароткага палiто. Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слiзка i холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славiк з галёшаў смяяўся - старамодна! - i ў даўганосых чаравiках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зiму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як iшоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кiнаафiшу, адтуль на валёнкi i бахiлы сустрэчнага селянiна... У сувязi з чым усплыла раптам гэтая думка, ён i сам не здолеў бы растлумачыць. Ляпнуў нечакана не толькi для Тараса, а вельмi можа быць, што i для самога сябе: - У цябе моцна ўтрэскалася адна дурнiца. Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькi глянуў на Славiка як бы з недаверам. - Не верыш? Не цiкавiшся хто? Мая сястра. Iра. - Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта? - Ну што ты! - засмяяўся Славiк. - Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённiку. - Прыгожа, няма чаго сказаць! - А ты не прачытаў бы дзённiка сястры, каб ён трапiў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цiкавасцю. Як яна цябе там узносiць! Культ Ганчарова. Тарас паверыў, што на гэты раз Славiк кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Iра глядзiць на яго, як стараецца застацца разам. I, можа, каб не з"явiлася Маша, нейкiя пачуццi варухнулiся б i ў яго душы. Але з якой мэтай Славiк сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомнiў: Маша гаварыла яму, што Славiк званiў ёй двойчы цi тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А цi праўда, што не хадзiла? А можа, зноў пачала гарэзлiвую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.