Сэрца на далонi, частка 4
Яна выцерла навалачкай твар i гэтак жа нечакана, як упала, паднялася. Сказала без слёз, без iстэрыкi, цвяроза i жорстка, як аб справе, даўно вырашанай: - Калi ты паважаеш мяне, памажы аформiць развод. Самой мне цяжка i... непрыемна... Усяго чакаў Тарас - i слёз, i скарг, i праклёнаў, але такога заключэння не толькi не чакаў, але нiколi нават не падумаў. Спачатку, ашаломлены, замаргаў вейкамi, з надзвычайнай пiльнасцю ўглядаючыся ў заплаканы твар жанчыны, якая гадавала яго. Ён сапраўды любiў яе, як мацi. Але ў той мiг яна здалася чужой i варожай. З"явiлася злосць на яе, i ён амаль закрычаў: - Гэта вы самi надумалi? А ў Наташы вы спыталi? А ў Вiцi? Яны, Наташа i Вiця, разумелi, што падслухоўваць чужыя размовы нядобра. Спальня - найблiжэйшы пакой ад кухнi, i яны мiмаволi пачулi першыя словы мацi. Каб больш нiчога не чуць, яны, не згаворваючыся, паднялiся i перайшлi ў бацькаў кабiнет - самы iзаляваны пакой. Селi там, адно - на канапе, другое - у крэсле, i моўчкi сядзелi. Не чыталi, не размаўлялi, нават не маглi чамусьцi паглядзець адно аднаму ў вочы, быццам саромелiся. Проста чакалi, як у прыёмнай бальнiцы цi суда. Доўга чакалi. Можа, праўда саромелiся за мацi? Цi шкадавалi яе? Калi нарэшце Тарас вярнуўся, яны паглядзелi на яго з надзеяй, з запытаннем. Наташа нават саскочыла з канапы i памкнулася насустрач. Тарас усмiхнуўся iм знясiлена, але паабяцаў з ранейшай упэўненасцю: - Я iх памiру. - ...Не, скажы, верыў ты, што Савiч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!.. - Ты не ўяўляеш усёй складанасцi барацьбы. - Дапусцiм, што акрамя цябе ёсць людзi, якiя таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе? - Не. - Чаму? - Тваё пытанне наiўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабiлiтаваць Савiча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе i трапiў у час, калi нiчога нельга было зрабiць, калi iшлi арышты, правальвалiся яўкi. Пасля гэтага я прыйшоў бы i паведамiў: мяне хаваў Савiч, якога забiлi падпольшчыкi, а немцы з пашанай пахавалi. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, вiдаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, якi быў час. - Карацей кажучы, ты пабаяўся. - Ну пабаяўся, пабаяўся! Калi табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуiраваў горад - не баяўся. Адступаў да Масквы - не баяўся. Мяне паслалi назад у тыл - я не баяўся, не бегаў па камiсiях, як другiя. Нi разу не скакаў з парашутам - скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнiзона. Вадзiў людзей на аперацыi - не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзiць разбiтае падполле, - не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася... - Не крычы. I не бразгай сваiмi медалямi. Тое, што рабiў ты, рабiлi тысячы, мiльёны... Мы выконвалi свой абавязак. - Але, я пабаяўся. А другiя не баялiся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерцi ад кулi ворага. А памерцi ад рук сваiх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты нi ў чым не вiнаваты... Ты ўяўляеш? Ты думаў калi-небудзь пра гэта? - Думаў. I цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф"я Савiч, калi пасля фашысцкага канцлагера трапiла ў Сiбiр. Паўза. Гучна, з лёгкiм меладычным звонам адбiваў секунды вялiкi медны маятнiк стаячага гадзiннiка. Астматычна дыхаў адзiн з двух, што прысутнiчалi ў кабiнеце. - Я думаў i бачыў многа разоў, як iшлi на смерць, каб ратаваць таварыша. I я гэта разумеў. А вось такi данос на людзей, якiя ратавалi цябе, - гэтага я зразумець не магу. - Ну, змаладушнiчаў! Я ж не хаваю. Я напiсаў пра гэта ў тлумачальнай запiсцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гiсторыяй, даказваць... Нiчога ж не змянiлася ў сорак пятым, ты ведаеш.