Сэрца на далонi, частка 4
- Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хiба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?! Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Iншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносiны Славiка з Нiнай выносiлi на камiтэт. Хто ведае, што ў iх было. Калi дзяўчына не скардзiцца, а толькi плача па начах i сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк iнакш. Больш далiкатна. Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славiк не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзiр, з-за Машы. Безумоўна, падумае. Славiкавы настойлiвыя заляцаннi да Машы прынеслi Тарасу нямала цяжкiх перажыванняў. Асаблiва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, цi згодна яна выйсцi за яго замуж. Але каб выгнаць Славiка з брыгады, - такой i думкi нiколi не было. А вось жа могуць стварыцца абставiны, што зробяць iх ворагамi. I тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе iм не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькiнай - не. Перакруцiць усё дагары нагамi, даводзячы свае высокiя прынцыпы. Тарас сказаў: - Дайце спачатку нам самiм пагутарыць з iм. У брыгадзе. Вера падазрона прыжмурылася. - Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любiмчыка? Ой, глядзi, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота! Славiк i Генрых прыйшлi апошнiя: даўжэй другiх мылiся ў душы; любiлi паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збiраецца брыгада. Ён, як i Ходас, адразу паверыў, што Славiк мог зрабiць подласць, i ўзлаваўся на гэтага "безадказнага шчанюка". Яны разам працавалi - на зборцы аўтаматычнага дэталез"ёмшчыка. Славiк, як нiколi, быў уважлiвы i старанны. "Асiсцiраваў" без адзiнай памылкi. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала "прафесара". Няўжо ўсе iх спадзяваннi i намаганнi дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзiўна гасiў сваё абурэнне i выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной i той жа песнi: Миленький ты мой, возьми меня с собой И в той стране далекой зови меня женой. Славiку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць. - Бабская песня, - сказаў ён. - Бабская, - згадзiўся Генрых. Славiк зразумеў, што сабралiся гаварыць пра яго адразу ж, як толькi ўвайшоў у пакой iнтэрната. З якой прычыны? Паважнай хадой "кiруючага таварыша" - Славiк навучыўся перадражнiваць гэтую паходачку - крочыў па пакоi Iван Ходас, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Косця завалiўся на свой ложак, прытулiўшыся патылiцай да сцяны - да фатаграфiй кiнаактрыс, i, чырвоненькi, узбуджаны, зiркаў сваiмi цыганскiмi вачамi на Iвана. Вiдно было, што яны пасварылiся. Тарас i Лапацiн сядзелi за сталом. Лапацiн з дзiцячай цiкавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круцiў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мiнiяцюрнай цацачкi. - Скажы, калi ласка! Косця! Колькi каштуе? - Сто рублёў. - Манiш. Толькi што гаварыў - трыццаць. Але i трыццаць - дорага. - Пасля таго як Вера нарадзiла сына, Васiль стаў надзiва ашчадны. "Знарок цягнуць", - падумаў Славiк. Яго неаднойчы прабiралi ў школе, на студыi, у брыгадзе. Але нiколi ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавiдзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкiм i смелым. Але калi казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумнiўся, што здолее быць такiм. Генрых падышоў да этажэркi, узяў нейкую кнiжку, разгарнуў i зноў цiха заспяваў: Миленький ты мой, возьми меня с собой И в той стране далекой зови меня чужой... Славiк узарваўся: