Сэрца на далонi, частка 4
Мацi спалохалася яшчэ больш, калi пасярод дня - першага дня новага года Славiк раптам пачаў трызнiць i кiдацца на ложку. А Яраш зразумеў: найбольш небяспечнае - шок - пераможана. Толькi ён адзiн уяўляў поўную карцiну таго, што тварылася ў разбiтым целе i ў мазгу хворага. Ён пайшоў адпачываць, здалося Валянцiне Андрэеўне, у самы небяспечны момант. Хлопец гарэў - у машыне. Кiдаўся, каб адчынiць дзверцы, iх заклiнiла. Як жа выбрацца з гэтай палаючай мышалоўкi? Разбiць шкло? Ветравое шкло! Але што з рукой? Ён не можа падняць яе - як бервяно. Няўжо ў яго не хопiць сiлы разбiць шкло? IIаклiкаць на дапамогу? Каго? Мiлiцыю. Не, ён не паклiча нiкога! Але полымя блiжэй, яно палiць, гудзiць у вушах. - Ма-ма! - Сына! Сыначка! Я тут, з табой. Супакойся. I раптам цiшыня. Няма спякоты, не гудзiць полымя. Снежная бель перад вачамi. Ага, яго выкiнула з машыны! Дык гэта ж добра! Наглытацца снегу i ўстаць на ногi - i бывайце здаровы. Вада сама льецца ў рот. Ах, рэчка! Рэчка, якую яму не ўдалося праскочыць. Але ж ён лепшы плывец. Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы мацi, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лiлася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапiлi яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да мацi, удзячнасцi ёй. Гэта яна, мацi, ратавала яго. Яна першая з"явiлася, калi ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькi здаецца? Можа, яму хочацца, каб мацi была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца: - Ма-ма! Ён, забiнтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што мацi кажа: - Дурненькi мой! Хiба можна так? Не, гэта не трызненне. Мацi сапраўды каля яго. Славiк адразу ўсё прыгадвае, нават санiтарны самалёт, Яраша i Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. I вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалiчнасцi напаўняе яго такой радасцю, што, каб былi сiлы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальнiцу, на ўвесь свет. Валянцiна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальнiцы ў першы, святочны, дзень новага года i не толькi памагала дзяжурнаму лекару i сёстрам, але бадай што кiравала iмi, трымаючы сувязь з Ярашам. Нiхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылi пра ўсё на свеце. I Маша ўсё расказала ёй. "Чаму iм так не пашанцавала ў каханнi, маiм дзецям?" - з горыччу думала мацi. Кожная мацi ў любых абставiнах думае пра будучае сваiх дзяцей, верыць у iх шчасце. Валянцiна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую "залатую дзяўчыну" сваёй дачкой. На другую ноч Маша прымусiла знясiленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабiнеце. Сама засталася ў палаце. Славiк застагнаў ад болю i прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзiн сiнi начнiчок) - затрывожыўся са сну. Маша запалiла настольную лямпу, схiлiлася над iм. Ён здзiвiўся i ўзрадаваўся. - Даць пiць? Прагна пiў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамi, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразiла пальцам: - Не варушыся, будзе балець. Балела прыступамi, часам нясцерпна моцна, галава i рука. Боль знiмалi сёстры ўколамi. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сiлы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела залiў непрыемны лiпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славiк вачамi паклiкаў, каб Маша наблiзiлася. Спытаў: - Ты выйшла эамуж? - Не. - Не iдзi ад мяне. - Я не пайду. Спi. Другога студзеня, пасля работы, прыйшлi хлопцы - уся брыгада. Iх не пусцiлi. Маша выйшла да iх у вестыбюль. I ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалi сустрэла са Славiкам у кiно. Нiчога дзiўнага - разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула i адышла ўбок? Хлопцы сустрэлi Машу прыветлiва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў: