Трывожнае шчасце, частка 2
«Вось якія песні вярнуліся... Прыгонныя... А дзе цяпер той настаўнік? Ен жа да гэтага года быў у іх школе, вучыў Данілу. Яны на рыбу разам хадзілі.— Думкі яе зноў вярнуліся да брата.— Эх, Данік, Данік... Добрыя людзі цябе вучылі... Я цябе так любіла, няньчыла малога... А ты... Куды ты хілішся? За кім ты ідзеш? Няўжо яны запаланілі тваю душу? Няўжо ім удаецца паланіць і душы людзей?»Кузьма — іх стрыечны брат — першы паліцэйскі ў вёсцы, цяпер начальнік паліцэйскага паста, «вярхоўная ўлада», як ён сам крычаў п"яны. «Галоўны здраднік» — назвала яго Саша. Здрада Кузьмы была вельмі балючым ударам, і яна дагэтуль не можа зразумець, што штурхнула маладога чалавека з працавітай сям"і на такі шлях. Саша разумела, калі ў паліцэйскія пайшоў сын кулака Гніды. Не здзівілася, калі ў паліцыю запісаўся былы яе аднакласнік Колька Трапаш. Гэты і ў школе быў мацюжнік, курэц, карцёжнік, ды і сям"я ў іх нейкая бесталковая, іх у вёсцы «цыганамі» завуць. А Кузьма з такой паважанай сям"і. Маці яго — родная сястра іх бацькі — надзіва сумленная, набожная і працавітая жанчына. Калі расказвалі, што ніхто не бачыў, калі яна спіць і есць, то Саша верыла гэтаму. Цётка Хадоска перакусвала непрыкметна каля прыпечка, «зводзіла вока» дзе-небудзь у разоры, за полівам, ды зноў за працу. Кузьмоў бацька, кажуць, не такі быў цягавіты, працавіты, часам заглядаў у чарку, але і яго ўспаміналі з иавагай. Саша яго помніла слаба, ён памёр у першы год калектывізацыі. На руках у цёткі асталося шасцёра дзяцей, і яна ганарылася, што выгадавала іх, «вывела ў людзі». У навуку яны не пайшлі, толькі адна з малодшых дачок скончыла педвучылішча. НабожнаяХадоска і не імкнулася іх вучыць. «Няхай на зямлі працуюць,— казала яна.— Зямелька ўсіх пракорміць». Але дзеці чамусьці не затрымліваліся ў калгасе. Самы старэйшы прыстаў у прымы ў горадзе, у сям"ю рабочага. Адна дачка выйшла за лесніка, другую звёз нейкі шафёр-украінец. I самы працавіты, па маці, быў Кузьма. У школе ён вучыўся не надта, але затое з малых год карміў сям"ю рыбай. Ён быў такі заўзяты і ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім і бралі з сабой. А яшчэ ён захапляўся коньмі. Скончыўшы гадоў за сем чатыры класы, Кузьма стаў калгасным пастухом. Потым наняўся на конезавод і працаваў там год пяць. Ажаніўся. Прывёз да маці жонку. I раптам гады за два перад вайной апынуўся ў рыбалавецкай арцелі недзе на Дняпры. Адтуль ён і з"явіўся ў родную вёску паліцэйскім, неўзабаве пасля ўступлення немцаў, да якіх ён трапіў, як высветлілася, яшчэ месяца паўтара назад, пад Жлобінам.Пакуль ён быў проста паліцэйскі, і прытым адзін у вёсцы, то не надта мазоліў вочы людзям — больш сядзеў дома. Але як толькі стаў начальнікам паста і атрымаў над сваю ўладу яшчэ двух чалавек, адразу ж чамусьці зрабіў абход усіх сваякоў. Зайшоў да Траянавых. Ужо крыху падвыпіўшы недзе, павітаўся гучна, весела:— Хайль, дарагія сестры!Саша адвярнулася. Гэта яго ўкалола, і ён з іроніяй спытаўся:— Не падабаецца табе, сястрычка? Вядома, дзе табе будзе падабацца! Ты ж камсамолка, цябе савецкая ўлада вывучыла...— А цябе яна крыўдзіла? — злосна кінула Саша.— Не крыўдзіла, але і ходу не давала. Я мазалямі кавалак хлеба зарабляў.— Куды ж гэта табе ходу не давалі?— Гаспадаром стаць.— Кулаком?— Вось-вось... Так ваша ўлада і разважала: чуць станавіўся чалавек на ногі, багацеў — кулак, на Салаўкі яго...