Трывожнае шчасце, частка 2

— Чаму так рана?— здзівілася Поля, якая ўбірала капусту з гарода.— Абрыдла мне!— злосна адказала Саша.— Што я, наймічка? Няхай яна згніе, іх бульба!Старэйшая сястра разумела яе, таму не сказала ні слова, толькі ўздыхнула: клопат аб сям"і ляжаў на яе плячах.За адным заняткам Саша забывалася на ўсё іншае — калікарміла дачушку, гуляла з ёй. Ленка ачуняла і ў чатыры месяцы была тоўсценькая, рухавая і — кожнай маці так здаецца! — надзвычай разумная для свайго ўзросту. Яна ўжо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. I ўсё больш і больш рабілася падобнай на бацьку. У яе ўсмешцы Саша пазнавала ўсмешку Пятра, яго прыжмур вачэй, яго зморшчынку на лбе, а радзімая плямка на мочцы вушка была такой дакладнай копіяй, што маці заўсёды смяялася, гледзячы на яе.Саша зайшла ў хату на пальчыках, бо Поля сказала, што Ленка спіць, але малая не спала: моўчкі ляжала ў калысцы і смешна лавіла сваімі пухлымі ручкамі чырвоны шарык, прывязаны над ёй. Саша радасна кінулася да яе, схапіла на рукі.— Дачушка мая любая! Радасць мая адзіная! Ляжыш і маўчыш, слаўная мая, маленькая...Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Саша карміла малую, гушкала, забаўляла — і сапраўды на нейкую хвіліну забылася на партызана. Але прыйшла Поля, папрасіла нешта зрабіць па гаспадарцы, Саша выскачыла на двор, як заўсёды імклівая, спрытная, і ўраз спынілася, уздрыгнула: перад вачамі была школа. Потым, за што б яна ні бралася, усё валілася з рук: з галавы не выходзіў партызан.Па-асенняму рана вярнуўся з пашы статак. Каровы сваім муканнем абудзілі цішыню. Але разышлася жывёла па дварах, і зноў стала ціха і пуста. Цішыня і пустэча — змоўклі пеўні, бо іх парэзалі, зніклі сабакі, не гулялі на вуліцах дзеці, не хадзілі без пільнай патрэбы дарослыя — характэрныя рысы жыцця вёскі ў часы акупацыі.Трэба прынесці вады — напаіць карову. Саша схапіла вёдры, выскачыла на вуліцу. Ьс хата стаяла на аднолькавай адлегласці ад суседніх калодзежаў, і яны хадзілі то да аднаго, то да другога — каму куды падабалася. Цяпер Сашу пацягнула ў той, што бліжэй да школы. Але ў тым калодзежы нямецкія танкі зламалі журавель, і цяпер вяскоўцы хадзілі туды кожны са сваёй вяроўкай. Саша вярнулася ў двор і ўзяла пад паветкай лейцы. Яна набірала ваду і не зводзіла вачэй са школьнага двара, з таго калодзежа, што вытыркаўся з зямлі абглянцаванай бетоннай трубой. Там таксама было ціха і пуста, як і ўсюды навокал. Над комінам школы ўзнімаўся ў хмарнае асенняе неба празрысты дымок. «Рана запалілі паліцаі. Відаць, зноў самагонку гоняць».Саша доўга чэрпала ваду. Падняла цяжкія вёдры на каромысел, намерваючыся ісці. Зноў паставіла на зямлю... Нарэшце, пасля доўгага вагання, нясмела рушыла да школы з лейцамі ў руках.«Я толькі гляну — які ён, партызан? Толькі гляну»,— стукала сэрца моцна і часта.Брамка на школьны двор была зачынена. Але як толькі яна штурхнула яе, на ганку, як па сігналу, з"явіўся Кузьма.— Э-э! Хто там? Ты, Саша? — здзівіўся ён, аднак хутка саскочыў з ганка, каб адчыніць.— Кажуць, Кузьма, ты партызана злавіў? Праўда?— Праўда. Вунь сядзіць у калодзежы як міленькі.— Можна паглядзець, які ён?— Для цябе, Саша, усё можна. Ты ж ведаеш, я цябе заўсёды паважаў,— намагаўся заваяваць яе прыхільнасць паліцай; мабыць, неспакойна было ў здрадніка на душы ад думкі, што нават сваякі асуджаюць яго.— А ён... вар"ят нейкі... Сядзіць — песні спявае, вершы на памяць чэша... Быццам не разумев, што яго чакае.