Трывожнае шчасце, частка 2
— Што Данік? Данік які быў, такі і астанецца. А вось ты... як ты пасля глянеш на сябе? Чалавек жыцця свайго не шкадаваў... А мы баімся прытулак яму даць. Няхай ранены замярзае ў лесе. Калі твой Пеця сапраўды чырвонаармеец, я думаю, не пахваліць ён цябе за гэта, калі даведаецца...Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ўмомант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Сапраўды, што сказаў бы Пеця, каб яна параілася з ім? Яна не ўпершыню правярала гэтак свае ўчынкі. Няўжо ён кіне ёй дакор, што яна дала прытулак раненаму партызану? Не, ніколі! Безумоўна, самой ёй будзе вельмі цяжка. Але каму цяпер легка! Хіба мае яна права засцерагаць сябе ад цяжкасцей, перажыванняў? Хіба яна не баец, як усе, не падпольшчыца-партызанка? Як жа яна адмаўляецца ад такога ганаровагазадания? Ёй жа давяраюць жыццё партызанскага камісара!Данік скрыгатнуў з роспачы зубамі і, ссутулены, падобны на старога, пасунуўся да дзвярэй.— Данік! — спыніла яго Саша.— Чакай... Я згодна...Ён зноў апынуўся каля яе, забыўшыся на сваю злосць, крыўду, і схапіў рукамі за плечы, нібы баючыся, што яна зноў перадумае і адмовіцца.— Згодна?— Ты не падумай, што я таму, што баюся... Але... Як Поля?— А што Поля? Поля нічога не ведае і не павінна ведаць... Яна ж таксама ніколі ў вочы не бачыла твайго Пеці... Фотакартачка ў цябе адна, малюсенькая... Мы яе заменім.Саша ўздыхнула і ціха, незласліва сказала:— Дурань ты малы, Данік. Хіба гэта ад яе можна схаваць? У адной хаце жыць будзем... Яна ў першы ж дзень убачыць, што мы ніякія не жонка і не муж. Паспрабуй тады тлумачыць.Юнак разгубіўся. Вось ліха, пра ўсё ён падумаў, усё ўлічыў, нават на фотакартку не забыўся, а вось гэта і ў галаву не цюкнула.— Што ж ты прапануеш? — ужо нясмела, няўпэўнена спытаў Данік; ініцыятыва ў вырашэнні гэтай нялёгкай задачы цалкам перайшла да Сашы.— Трэба сказаць Полі.— Што ты! Спалохаецца. Загалосіць. Праваліць усю справу.— Магчыма, спалохаецца, паплача, але... зразумее, Данік. Яна ж наша сястра. Усё адно без яе дапамогі нам не абысціся.Позна ўвечары яны пачалі размову з Поляй. На прыпечку дагарэла лучына, і старэйшая сястра загадала:— Спаць, дзеці! Заўтра Даніку рана ў лес, а ты, Саша, пойдзеш да цёткі Марыны, паможаш кроены паставіць. Яна прасіла. Ды і сама павучышея ніты закідаць.Сашу кальнула ў сэрца: «Зноў ісці за наймічку».Не было больш цяжкай пакуты, як ісці на заробак у чужую хату, працаваць пад наглядам людзей, у якіх тая перавага, што яны маюць чым заплаціць за працу. Яна ведала, што не ўсе гэтыя людзі кулакі ў душы, пераважная большасць з іх зусім не радуецца такому становішчу, аднак усё адно яе глыбока абражала плата натурай і асабліва словы спачування, якія часта прыходзіцца выслухоўваць. Цяжка бывае зразумець, хто з іх кажа шчыра, а хто зларадна: так табе і трэба, інтэлігентачка, доктарка.Даволі часта Саша працавала не за хлеб і не за соль (соль была даражэй за ўсё), а за дзвесце грамаў газы ці за карабок запалак. Ёйтак цяжка было ўставаць па некалькі разоў на начы да дзіцяці без святла: не будзеш жа раздзьмухваць вугалькі і паліць лучыну, калі Ленка, мокрая ці, яшчэ горш, нездаровая, крычыць на ўсю хату. Здабытую газу ашчаджалі надзвычай.Таму Поля вельмі здзівілася, калі Данік, у адказ на яе загад спаць, запаліў газнічку.— Ты навошта гэта паліш без патрэбы? — накінулася яна на брата.Ён моўчкі занёс газнічку ў запаветны закутак, куды яшчэ раней схавалася Саша, і паклікаў старэйшую сястру: