Трывожнае шчасце, частка 2
— Ну-у?— падхапіўся Цішка, сеў, і вочы яго заблішчалі.— Як?Дзе?А Саша падумала: «Значыцца, ёсць яшчэ нехта больш сталы, каго яны называюць Старым. Хто ж гэта?»— Не мае значэння, Ціхан, як і дзе... Галоўнае, што сувязь ёсць... Будзе! Мы павінны паслаць у атрад свайго чалавека і дамовіцца аб пастаяннай сувязі. Стары скажа, куды ісці...— Я! — выгукнуў Цішка.— Мяне...— Чакай! — спыніў яго Толя.— Я думаю, што лепш пайсці Данілу. Нам з табой ёсць іншае задание. Першае задание ад партызанскага камандавання... Яно вынесла прысуд чалавеку, які выдаў фашыстам раненых партызан. Нам даручылі выканаць гэты прысуд...Саша зразумела, што трэба некага забіць, пакараць смерцю, і жахнулася: раптам калі-небудзь такое задание дадуць ёй, а яна... яна не здолее забіць чалавека!— Хто?— спытаў Цішка, вочы яго зноў патухлі, і ён зморшчыўся, як ад нечага вельмі брыдкага.— Ляснічы.— Наш? У яго чацвёра дзяцей! — вырвалася ў Сашы.Ляснічы быў чужы і незнаемы ёй чалавек. Але тыдні два назад яна з ім пазнаёмілася. Ён прыехаў увечары і вельмі прасіў, каб янапрыняла роды ў яго жонкі. Саша не хацела, нават баялася ехаць у лес. Але ў чалавека быў надта разгублены выгляд, ды і Поля, звычайна баязлівая, шапнула, што варта паехаць: ляснічы заўсёды спатрэбіцца.Спакутаваная родамі жанчына, ціхая і ласкавая пасля таго, калі ўсё шчасліва скончылася, прасіла павесялелага ад чаркі самагонкі мужа: «Ляксей, ты ж добра аддзякуй дохтарцы... Не скупіся». Ён на развітанне сунуў ёй тры вялікія кавалкі старога сала. I Саша, якая там, на рабоце, заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям"і, якая сядзела на адной бульбе. Усё гэта ў адзін міг паўстала перад яе вачамі, а найбольш выразна — дзеці, адно пад адно, не разабрацца, дзе старэйшае, дзе малодшае; тры пары вачанят увечары, калі іх выгналі ў другі пакой, спалоханых, а раніцой, калі ім сказалі, што ў іх ё сць брацік, здзіўленых. Дзеці, якія заўтра стануць сіротамі. Яна лепш, чым хто другі, ведае, як гэта цяжка і страшна: сама расла сіратой і сама цяпер маці.Саша глядзела на хлопцаў з надзеяй пачуць, што ляснічы асуджаны не на смерць.Яны пераглянуліся паміж сабой і змоўклі — больш ніводнага слова пра гэта. Сашы здалося, што хлопцы зразумелі словы пра дзяцей як яе слабасць, жаночую жаласлівасць, і спалохалася, што цяпер яны перастануць давяраць ёй тайны падполля. Яна хацела растлумачыць, што літасці да гэтага чалавека ў яе сэрцы няма. Сапраўды, хіба можа быць літасць да таго, хто выдаў ворагам сваіх людзей, партызан, ды яшчэ раненых, бездапаможных? Такому гаду яна сама прыдумала б самую страшную кару! Але дзеці. Яна, маці, не магла не падумаць пра іх... Няхай таварышы правільна яе зразумеюць...— Я прымала роды ў яго жонкі,— сказала Саша.— Я думаю, дзеці не вінаваты, што бацька ў іх такі...— Дзяцей ніхто не вінаваціць,— сурова адказаў Цішка.— Мы не фашысты.Саша ўзрадавалася, што размова аднавілася. Але Толя Кустар у гэты момант пачаў гаварыць зусім пра іншае:— Таварышы, набліжаецца свята Кастрычніка. Мы павінны адзначыць яго. Людзі павінны ведаць, што ёсць сілы, якія змагаюцца з ворагам... што фашысцкая прапаганда — брахня... ІТрапаную... Першае — расклеіць лістоўкі... Будзем спадзявацца, што атрымаем іх з партызанскага атрада, калі ж не — напішам самі... Другое... Прапаную на ўсіх грамадскіх будынках — на школе, сельсавеце, клубе — вывесіць чырвоныя сцягі. Пашыць сцягі даручым Сашы. Згодна?