Трывожнае шчасце, частка 2
Камендант і эсэсаўцы паехалі, а паліцаі асталіся: вёска была занесена ў лік небяспечных крамольных пунктаў, і замест невялікай варты ў школе размясціўся цэлы гарнізон. Новыя паліцаі вялі сябе нахабна: кралі курэй, парасят, разганялі зборы, вечарынкі, каго сустракалі позна ўвечары, збівалі, хто б гэта ні быў — малы, стары, жанчына; як валацугі, цэлую ноч шлындалі па вёсцы, падслухоўвалі, падглядвалі ў вокны. Адным словам, «новы парадак» праявіў сябе на поўную сілу.Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі.У хаце не было газы. Зараблялі кавалак хлеба пры лучыне _ пралі кудзелю для тых увішных гаспадароў ці гаспадынь, якія, нягледзячы на вайну, выбралі для сябе калгасны лён. Саша ніколі раней не прала і з першых жа дзён зненавідзела гэтую дапатопную работу. Мана-тоннае гудзенне самапрадкі, няроўнае святло лучыны — то ўспыхне, то згасне, свіст ветру і крокі паліцэйскіх — усё гэта наганяла такую нуду і роспач, што хацелася зрабіць немаведама што, абы не сядзець вось так. Саша з нецярплівасцю чакала, калі падпольшчыкі дадуць ёй задание. Але падполле маўчала, нават на сход ці збор больш яе незапрашалі.Астаўшыся ў хаце сам-насам з братам, яна наступала на яго:— Чаму мы маўчым, нічога не робім? Чаму не збіраемся?— Чакай, Саша. Не гарачыся. Больш вытрымкі, сястра! — па-сталаму разважліва адказваў ён.— Я ведаю... Вы збіраецеся, вы дзейнічаеце,— сказала яна другі раз.— Але вы не хочаце даваць мне задания. Вам не спадабалася, што я пашкадавала дзяцей ляснічага...— Калі ты будзеш думаць і гаварыць глупства,— узлаваўся Данік,— мы сапраўды цябе выключым. Я першы прагаласую.— Ну і выключайце! — не стрывала Саша, пакрыўджаная даслёз.Данік бліснуў страшным позіркам. Яна спалохана адступіла ў закутак паміж грубкай і печчу і, магчыма, у гэты момант упершыню заўважыла, як змяніўся брат: узмужнеў, выцягнуўся, стаў вышэйшы за яе ростам, але як схуднеў — на твары адны скулы тырчаць ды блішчаць вочы, запалёныя, чырвоныя, як у чалавека, які не спаў многа дзён.Ён працягнуў руку, і Сашы здалося, што ён намерваецца ўдарыць. Але брат абняў яе, нязграбна, сціснуўшы ўчэпістымі кашчавымі пальцамі плячо, і глуха зашаптаў:— Слухай, дурніца, навошта гэта табе?— Што? — не зразумела яна.— Хадзіць цяпер на нашы сходы? Навокал снег — босая гародамі не пабяжыш... I бобікаў, як сабак... Ты замужняя жанчына, маці... Твая адсутнасць ці сустрэча з намі, хлопцам!, адразу выкліча падазронасць. Усё, што трэба, я табе перадам... Зразумей!— Разумею,— прашаптала Саша, пасаромленая; яе кранула разумная асцярожнасць сяброў. Яны не забываюць, што яна маці і таму менш, чым хто іншы, мае права рызыкаваць.— А заданне і ты атрымаеш,— гаварыў далей Данік.— Не хвалюйся. Работы ўсім хопіць, дай толькі разгарнуцца. Не ўсё адразу!Сапраўды, неўзабаве брат прынёс ёй задание падпольнай групы. Ён вярнуўся пад вечар з лесу, дзе разам з Цішкам і іншымі хлопцамі траляваў з лесасек на шашу дровы, якія потым немцы на машынах перавозілі ў горад. Саша адразу ж, па вачах, убачыла, што ён мае сказаць ёй нешта важнае. Абое яны з нецярплівасцю чакалі моманту, калі Поля выйдзе з хаты. Калі тая нарэшце пайшла даглядаць карову, Данік забраўся ў той жа закутак паміж печчу і грубкай і паклікаў Сашу. Яна падышла з дзіцем на руках.— Слухай, ёсць табе задание,— зашаптаў брат.— Нялёгкае,адразу табе скажу. Незвычайнае... Але ў падпольнай барацьбе ўсё бывае... У партызанскім атрадзе ранены камісар... Яму адрэзалі ступню нагі, і бок прастрэлены, не гоіцца. А ў лесе зараз цяжка — зіма. Стары лагер яны пакінулі: немцы напалі... У родную вёску чалавек не можа пайсці, сама разумееш, там кожны яго ведае... Трэба яму прытулак... Мы параіліся з хлопцамі і вырашылі: самае лепшае — у нас...