Трывожнае шчасце, частка 2
Тут ёй усё знаёма да драбніц, на многіх вуліцах — кожная выбоіна на тратуары. I ўсё напамінае яго, Пецю.Цераз бетонны мост іх не пусцілі. Паехалі па Інтэрнацыянальнай. Саша жахнулася: як не падобны гэты горад на той, які яна ведала. Гэты быў бязлюдны, брудна заснежаны, насцярожаны і знявечаны. Першыя руіны, першыя спаленыя дамы — і кожны з іх раніў яе. Павярнулі на Ветраную вуліцу — і сэрца яе заныла. Гэта была адна з вуліц, з якімі асабліва многа звязана ўспамінаў аб тых шчаслівых днях. Тут жыў на кватэры Пеця, адгэтуль ён бегаў да яе на спатканні, тут пісаў свае доўгія пісьмы, дзённікі. Але як змянілася і яна, знаёмая, родная вуліца! I тут многа будынкаў спалена, разбурана бомбамі.«Ці цэлы дом, у якім ён жыў? Ці цэлы?» — з прымхлівым страхам думала Саша. Вельмі хацелася, каб гэты дом стаяў цэлы, не пашкоджаны, быццам ад гэтага залежаў лес Пеці. Дом быў спалены. Яна застагнала.— Што з вамі, Саша? — шэптам спытаў Лялькевіч, убачыўшы, як яна змянілася з твару. Ёй раптам стала сорамна за тое, што там, за горадам, у яе быў такі ўзнёслы настрой, што яна паводзіла сябе як дзяўчынка, штурхала камісара, быццам заляцалася. Ёй здалося, што гэтым яна абразіла... памяць Пеці.«Памяць? Чаму памяць?» — схамянулася яна і прашаптала:— Не, ён жывы! Жывы!