Трывожнае шчасце, частка 2

Вочы камісара раптам загарэліся дзіўным агнём, ён азірнуўся на вокны і схапіў Сашу за руку. Яна хацела адняць руку, але ён цягнуў яе да сябе.— Слухайце, Аляксандра Фёдараўна! Вам... вам першай... я скажу навіну... Шчаслівую навіну. Пазаўчора па радыё прынялі...Пачуўшы гэта, Саша паслухмяна села на лаву, побач з ім, не аднімаючы больш рукі, якую ён сціскаў усё мацней і мацней.— Нашы разграмілі немцаў пад Масквой. Чуеце, Саша? Разбілі! I гоняць прэч гадаў. Тысячы трафеяў! Тысячы палонных!.. Вось пра гэта трэба, каб народ як мага хутчэй даведаўся! У маім шынялі зашыта некалькі лістовак. Мы іх размножым...Нехта застукаў у сенцах. Яны спынілі размову, і Саша хутка адышла да калыскі. Радасна ўсхваляваная навіной, яна падумала, што чалавек гэты прыйшоў сюды не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны, але і каб працягваць барацьбу, кіраваць імі, маладымі падпольшчыкамі.Праз гадзіну-паўтары, калі добра ўжо сцямнела, у хаце сабраліся Аксана, дзядзька Раман з жонкай, сусед Хвядос, які месяцы два таму назад прыйшоў, ранены, з акружэння, дзве суседкі-бабулі. Жанчынам хацелася пабачыць Сашынага мужа, мужчынам — чалавека, які вярнуўся з лагера палонных. На стале, засланым святочным абрусам, тым, што ткала яшчэ нябожчыца маці ў пасаг дочкам, стаялі талеркі са скрылькамі сала, міскі з гуркамі, капустай, бульбай, ад якой да самай столі падымалася пахучая пара, дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха.Спачатку ўсе паводзілі сябе стрымана, паважна, як належыць у такіх выпадках. Мужчыны, увайшоўшы ў хату, віталіся з «Пецем» за руку, цёткі цалаваліся з Сашай і пла», калі. У тыя чорныя дні ў жанчын хапала прычын, каб паплакаць.За стол селі не ўсе: суседкі ад запрашэння ветліва адмовіліся і прымасціліся на лаве. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша — яго хросніца. Шклянак было ўсяго дзве, і дзядзька Раман наліў у першую чаргу сабе і «Пецю».— Ну, сынок, за тое, каб нам жыць і жыць, на злосць супастатам. Не гаруй, што без нагі... Кажуць, чаму бываць, таго не мінаваць. Судзьба. Я вось з пятнаццатага года на дзеравяшцы... Таксама ад іх снарада.— Ён кіўнуў галавой у акно.Саша, якая насцярожана сачыла за ўсім, убачыла, як уздрыгнулі ў Лялькевіча бровы і задрыжала рука. «Навошта дзядзька суцяшае? Каму легка ў дваццаць пяць год аставацца калекам? Навошта пра гэта напамінаць?»А дзядзька не сунімаўся:— Але нічога, брат, як бачыш, жыву. Была б галава на плячах. А ў цябе яна ёсць. Чалавек ты вучоны. Тэхнік. Мы з табой яшчэ не адну дарогу пабудуем, на злосць супастатам. Дык будзьма ж!..Саша не садзілася. Поля ўступіла ёй абавязкі гаспадыні, і яна завіхалася па хаце, шукаючы сабе работы і стараючыся менш быць на святле — над сталом гарэла Аксаніна лямпа. Саша калыхала дачку, падавала капусту, падкідвала дровы ў печ, дзе варыўся другі чыгун бульбы. Калі выпілі ўсе, хто сядзеў за сталом, Саша паднесла пачастунак суседкам. Бабулі хрысціліся і казалі аднолькавае пажаданне:— Няхай табе Бог шчасця дае. Каб шчасліва жылося вам... Прыгублівалі для прыліку, выціралі рагамі хустак вусны іадмаўляліся ад закускі.У Сашы ад іх простых і шчырых слоў балюча сціскалася сэрца. «Каб нам шчасліва жылося? Бабулькі, родныя, каб вы ведалі, хто мы! Але так трэба... Так трэба!»Мужчыны не саромеліся закусваць, але больш налягалі на гуркі і бульбу, бо ведалі, што сала ў гэтай сірочай хаце не сваё — пазычанае.