Трывожнае шчасце, частка 2
...Сапраўды, калгасны каваль Аляксей Сафронавіч Кавалёў меў славу дзівака. Некалі ён служыў дыяканам. Але ў годзе трыццатым адмовіўся ад гэтай непрацоўнай прафесіі і пайшоў на завод кавалём. Тлумачыў свой пераход ён заўсёды жартам: «За голас мой і імя — «Аляксей — чалавек Божы» — бацька, паслухаўшыся папа, паслаў мяне вучыцца на «святога айца», спадзяваўся, што я мітрапалітам стану. Але ўратавала мяне ад духоўнага сану мае прозвішча, яно падказвала, што месца мае не ў царкве, а ў кузні».Голас ён меў сапраўды моцны і прыгожы, акрамя таго, каваль быў добры музыка — граў на гармоніку і скрыпцы. А таму ўсёнаваколле ведала яго не горш, як таго папа, бо ён быў госцем амаль на кожным вяселлі, на кожных радзінах і нават на многіх гулянках моладзі. Бывала, выйдзе ўвечары з хаты, пачуе, што недзе на другім канцы вёскі, а то і ў суседнім пасёлку моладзь спявае, паслухае — і да жонкі: «Эх, маці, хораша спяваюць! Збегаю падтрымаю».Жонка, з якой ён жыў, як казалі, «душа ў душу», ніколі не пярэчыла, і гэты грузны мужчына, якому падбіралася пад пяцьдзесят, са спрытам юнака бег на спеў, каб «адвесці душу». За гэтае дзівацтва некаторыя лічылі, што ў каваля «не ўсе дома». Збівала яго з «нармальнага тропу» яшчэ адна «хвароба», якая, як ён сам тлумачыў, і прывяла яго з горада ў прырэчную вёску,— быў ён надзіва заядлы рыбалоў. За гэта і за вясёлы характар асабліва любілі каваля дзеці, яны заўсёды былі яго лепшымі сябрамі. Здаралася, што ў прыпар ламалася жняярка ці малатарня, прылятаў коннік у кузню, а каваля няма. Але кожны з вяскоўцаў ведаў, дзе і як яго шукаць — каля рэчкі, па галасах дзяцей....Каваль адчыніў дзверы ў хату і, замест звычайнага прывітання, грымнуў так, што ажно калыхнулася полымя на прыпечку:— Раждзя-яство-о тва-аё-о, Хрысце-е, Бо-о-жа на-аш!.. Саша са смехам заціснула вушы; яна любіла гэтага вясёлага чалавека, ведала, які ён жартаўнік.— Дзядзька Аляксей, дачку разбудзіце. Ён заціснуў далоняй рот.— Прабачай, атракавіца. Забыўся. Мір дому сяму.— Зняў шапку, угледзеўся ў паўзмрок.— Кажуць людзі, добрага чалавека ты сабе прыдбала?— Чалавек як чалавек,— усміхнулася Саша.— Кажуць, песні ведае?— Спявае часам. Пеця! — паклікала яна.Зарыпеў ложак, стукнула мыліца — Лялькевіч выйшаў з-за грубкі на святло.Каваль варухнуў рудымі кашлатымі брывамі, якія ранен у яго заўсёды был і падпаленыя, а цяпер адраслі, бо працы ў кузні не было, і неяк выпрастаўся, ад чаго здаўся яшчэ больш высокім.— Вось ён які, твой чалавек! — Пачціва схіліўшы галаву, павітаўся выразна, па-руску: — Здравствуйте. Я тутэйшы каваль. Зайшоў пазнаёміцца.Лялькевіч з цёплай усмешкай на твары працягнуў руку, як добраму знаёмаму:— Добры вечар, Аляксей Сафронавіч.Каваль кінуў на Сашу вясёлы позірк, імкліва схапіў руку камісара, моцна сціснуў, накрыў шырокай, як лапата, далоняй левай рукі і радасна пачаў трэсці.— Рады, дарагі Уладзімір Іванавіч, што бачу вас паздаравелым. Дзякуй табе, Хведараўна, што выхадзіла чалавека.Саша ад здзіўлення разявіла рот.Павітаўшыся, яны адразу схаваліся за грубку, каб не было відаць з вокнаў, хоць заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластом намаразі. Аднак лішняя асцярожнасць не шкодзіла. Саша ўсё яшчэ нічога не разумела.Лялькевіч, злавіўшы яе неўразуменны позірк, растлумачыў:— Гэта той, Аляксандра Фёдараўна, каго хлопцы завуць Старым.