Трывожнае шчасце, частка 2
Далей сядзелі моўчкі, кожны са сваімі думкамі.Падышоў Лёня, які з пісталетам абыходзіў лесасеку, сказаў:— З таго краю дзялянкі і цяпер яшчэ відно зарыва. Здорава гарыць!— Каб не сціхла завіруха,— устрывожана сказаў Павел і пайшоў на лесасеку.Вярнуўся Анатоль, прынёс рыдлёўку, лом і сякеру. Пачалі капаць магілу. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Саша памагала рукамі — выграбала камякі зямлі, ірвала дробныя карэнні, да крыві абдзіраючы пальцы. Але тады яна не адчувала гэтага. Месца трапіла пясчанае, пад снегам і пластом ігліцы грунт прамёрз неглыбока, і да світання магіла была гатова. На дно накідалі сасновых галінак, мяккіх і духмяных. Потым, па прыкладу Анатоля, усе апранулі кажушкі і ватоўкі, завязалі рамяні — у каго быў, прывялі сябе ў належны выгляд і, зняўшы шапкі, сталі ў апошнюю ганаровую варту. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам.— Світае,— сказаў Анатоль, і ўсе заспяшаліся.Палажылі Ціхана на прасціну, паднеслі да магілы. Анатоль ускочыў у яму, прыняў лёгкае цела друга на рукі, асцярожна паклаў на вечную пасцелю. Данік падаў Анатолю руку, ён вылез і дрыжачым голасам сказаў:— Бывай, наш Цішка, наш дарагі таварыш... Ты загінуў як герой, як камсамолец! За тваю смерць мы адпомсцім праклятым фашыстам! Паклянёмся, таварышы, што адпомсцім!Глытаючы слёзы, яны вымаўлялі адзін за адным:— Клянуся!— Клянуся!— Клянуся табе, Цішка!— Мы адпомсцім за цябе!— Адпомсцім!..Анатоль узяў рыдлёўку і ўпершыню разгубіўся: цяжка, ой як цяжка было сыпануць халодны жвір на адкрыты твар Цішкі, на вочы, што былі такія ясныя, на вусны, якія колькі гадзін назад весела смяяліся. Саша зразумела гэта, падняла лёгкія галінкі і кінула ў магілу, галінкі закрылі нябожчыку твар. Тады хлопцы пачалі засыпаць магілу. Недзе фыркнуў конь. Яны адразу прыселі, Анатоль і Данік выхапілі пісталеты... Але пачуўся ўмоўны свіст вартавога — Лёні.— Дзядзька Аляксей,— здагадаўся Данік.Каваль пад"ехаў на кані, саскочыў з саней і, блытаючыся ў доўгай папоўскай расе, рушыў да іх; Лёня не ўправіўся яму нічогасказаць, і ён не ведаў, што Цішкі ўжо няма, ён ехаў з намерам забраць яго, завезці за раку.Абмінуў кучу галля, убачыў магілу і — застыў на месцы. Нейкую хвіліну няўцямна глядзеў на свежую зямлю, потым сарваў з галавы шапку, упусціў яе на прытаптаны снег, абышоў вакол магілы і, чамусьці моцна тручы далонямі зарослыя шчокі, вымавіў са стогнам:— Хлопчык мой... Хлопчык мой!..Яны чакалі яе і баяліся яе прыходу. I ўсё-такі яна траха не захапіла іх знянацку. Поля ўбачыла жанчыну праз акно тады, калі яна ўжо зайшла ў іх двор. Спалохана папярэдзіла:— Матыліха!Данік спаў на печы, ён моцна прастудзіўся, у яго пачалася гарачка. Аднак і ён адразу прахапіўся.Уладзімір Іванавіч падскочыў да яго, зашаптаў:— Данік, трымайся! Цішкава маці! Кажы так, як мы дамовіліся. Саша таксама ледзь трымалася на нагах. Яна нават дрэннапомніла, як дзядзька Аляксей прывёз яе дадому: яны доўга кружылі па лесе, па полі і прыехалі пазней, чым прыйшоу Данік. Цяпер Саша спалохалася больш, чым хто.Лялькевіч, убачыўшы, як яна збялела, падаў ёй Ленку:— Схавайцеся за грубку і карміце дзіця. Не паказвайцеся! Жанчына паважна павіталася і, каб пачаць неяк размову,сказала як бы жартам:— Мужчыны ў хаце, а сцежку не пачысцяць. Прайсці нельга — так намяло.