Трывожнае шчасце, частка 2
Саша пачала перавязваць яго і жахнулася: натруджаныя за дзень раны адкрыліся, кроватачылі. I адразу ў яе чулым сэрцы з"явіліся жаль і пяшчота да гэтага чалавека. Яна горача прашаптала:— Родны вы мой! Як жа гэта вы? Яшчэ песні спявалі! Што ж вы раней не сказалі мне?..Адрываючы бінты, яна ўбачыла, як ён збялеў, якія буйныя кроплі поту выступілі на лбе і скронях, але ён ні разу не заетагнаў, не войкнуў, толькі да крыві прыкусіў губу. З дапамогай Полі і Даніка яна прамыла, апрацавала раны, умела і хутка зрабіла перавязку. Калі змазвала ёдам губу, ён схапіў яе руку і прыціснуў да сваёй гарачай калючай шчакі і гэтак ляжаў, заплюшчыўшы вочы, без слоў, без рухаў, у парыве ўдзячнасці. Саша з мацярынскай ласкай пагладзіла яго стрыжаную галаву.На людзях Саша казала Лялькевічу « Пеця » і « ты ». А самнасам яна звярталася гэтак жа, як тады, калі яны працавалі ў Заполлі, яна — фельчарам, ён — настаўнікам. Толькі без ранейшых жартаў, без весялосці, са значна болыиай павагай: яна забывалася, што ён настаўнік, але заўсёды помніла, што ён — камісар атрада.Аднойчы Лялькевіч сказаў ёй:— Аляксандра Фёдараўна, ці не лепш нам увесь час казаць адно аднаму ты? А то не памыліцца б часам пры старонніх, не выдаць бы сябе!Яна нічога не адказала на яго прапанову: адносіны іх аставаліся такімі ж, як у першы дзень, і ён, разумны, далікатны чалавек, больш ніколі не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён добра разумеў яе душэўны стан.Сашы было цяжка. Да таго як прыехаў Лялькевіч, яна ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай, па-простаму, па-жаночаму пытаючыся: «Дзе наш тата, дачушка мая? Ці жывы ён? — і тут жа суцяшала сябе: — Жывы, жывы, Леначка! Сэрца мае чуе».Было гора. Але яна штодзень бачыла Аксану і тых жанчын, у каго асталося па двое, па трое і больш дзяцей, і яе гора танула ў акіяне ўсенароднага гора, яе слёзы здаваліся кроплямі ў моры жаночых слёз. У цяжкай працы, у клопатах аб кавалку хлеба для сябе і блізкіх ёй удавалася гадзінамі не думаць пра Пецю. Збіраючыся разам, жанчыны часам жартавалі і смяяліся, расказвалі пра розныя вясёлыя здарэнні — не ўсё ж гаварыць пра вайну і ліць слёзы! — і ў такія хвіліны яны забываліся на тое, што кожная з іх перажыла і передумала бяссоннымі начамі, і гэтыя паўзы, гэтыя перадышкі аднаўлялі іх сілы, іх мужнасць і цвёрдасць.Цяпер у Сашы не стала гэтых разрывай. Жанчыны смяяліся, а яна ні на момант не пераставала думаць, што недзе ў хаце ляжыць чалавек, якога усе яны лічаць яе мужам. Яна думала пра яго, бачыла Пецю. Заўсёды, уначы і ўдзень, на рабоце і ў часе адпачынку, кожную секунду яны абодва стаялі перад яе вачамі, і за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Часам жанчыны пыталіся ў яе з жартаўлівым намёкам:— Як ён у цябе, Саша, акрыяў хоць трохі? Кармі яго лепей, не скупіся.Яна любіла і разумела жарты, але гэты жарт вельмі балюча кранаў сэрца.Неяк Уладзімір Іванавіч у ціхай размове, якую яны часам цяпер вялі ўвечары, сказаў Даніку:— Слухай, Данік, ці нельга табе наладзіць «дружбу» з паліцаямі, так, як ты ладзіў з Кузьмою? Нам гэта можа спатрэбіцца.Хлопец пашкроб патыліцу:— Я, вядома, магу. Але ведаеце, Уладзімір Іванавіч, чаго я баюся? Што я раблю для нашай перамогі — таго вяскоўцы не ведаюць, не бачаць, а «дружбу» з паліцаямі адразу ўсе ўбачаць. Вернуцца нашы, а вас, можа здарыцца, не будзе блізка, атрада таксама, і возьмуць тады мяне за штаны свае ж людзі. Крыўдна гэта будзе вельмі.