Трывожнае шчасце, частка 2

— Не трэба, Саша.А што трэба? Што трэба ёй рабіць? У скронях балюча стукала кроў, ажно зялёныя кругі паплылі перад вачамі. Як яна скажа яму, чужому, незнаёмаму: «Ты, Пеця», як сустрэне яго?Калі рыпнулі вароты, яна застыла пасярод хаты як каменная, баючыся паварухнуцца, баючыся хоць на міг адвесці вочы ад дзвярэй. Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў яе гарачай галаве: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем?Вось адчыняцца зараз дзверы, і зойдзе ён... Не, не, гэтага не можа быць, не павінна быць! Яна не жадае, каб ён быў у палоне, каб ён вярнуўся цяпер, калі ідзе бой за Маскву, за жыццё. Розумам яна не жадала яго звароту, а сэрца, дурное бабскае сэрца, замерла ў чаканні...Дзверы адчыніліся, і... Саша ўскрыкнула, спалохаўшы Полю і Даніка.На парозе стаяў Уладзімір Іванавіч Лялькевіч. Саша адразу пазнала яго.Ён акінуў хуткім позіркам прысутных — добра, што ў хаце не было нікога чужога! — зачыніў дзверы і пакульгаў да Сашы, якая стаяла нерухома, ашаломленая, разгубленая: як прыняць чалавека, які некалі дамагаўся яе кахання? Поля насцярожана ступіла насустрач яму, як бы жадаючы загарадзіць малодшую сястру.Ён спыніўся перад імі і, не вітаючыся, аднак не зводзячы яснага і смелага позірку з Сашы, ціха сказаў:— Паверце, Аляксандра Фёдараўна, што толькі сёння, калі мне расказалі падрабязна, назвалі ваша дзявочае прозвішча, я здагадаўся... зразумеў, што гэта — вы. Калі вам вельмі непрыемна, я заўтра ж пайду, дазвольце толькі пераначаваць.— Ён апусціў вочы і схіліў галаву: ісці яму не было куды.— Вы скажаце, што я пайшоў праведаць сваіх бацькоў...Поля зразумела, што гэта ўсяго толькі знаёмы, і, з палёгкай уздыхнуўшы, зірнула на Сашу.«Чаму ж ты маўчыш? Скажы чалавеку слова!» — гаварыў яе позірк.Саша схамянулася і працягнула руку:— Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, і пахіснуўся. Поля падтрымала яго:— Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся. Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму. Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але і паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:— Здароў, Пеця!Лялькевіч павярнуўся і адразу ж радасна абняў Даніка.— Здароў, Данік, здароў, дарагі!..Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь і Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца і расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася — заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла на лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю і таксама праслязілася. Слёзы іх аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана — прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад і ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парога, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік і тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў:— Ксана! Сашын муж прыйшоў... Пеця! З лагера!..Маладая жанчына, якая, пачуўшы гэту навіну на вуліцы, пры-бегла, каб пераканацца самой, ад нечаканасці выпусціла з рук сіта, яно пакацілася цераз усю хату пад ногі Сашы.Аксана нясмела, сарамліва падышла, працягнула чырвоную, загрубелую руку: