Трывожнае шчасце, частка 2
Сашу надзвычай уразіў такі погляд брата ў будучыню, у тыя дні, калі, напэўна, кожны павінен будзе даць адказ калі не перад людзьмі, то перад уласным сумленнем, што ён зрабіў для перамогі.У тую ж ноч, калі пагасілі каганец і кожны лёг на сваё месца, у яе бліснула гэтая страшная думка: вернуцца нашы, прыйдзе Пеця і... раптам ён не зразумее, не захоча зразумець, чаму яна прытуліла Лялькевіча, назвала мужам. Кажуць, рэўнасць асляпляе чалавека, робіць неразумным. Яна зноў прыгадала, як Пеця прыраўнаваў да гэтага ж Уладзіміра Іванавіча, калі ўбачыў іх разам на валейбольнай пляцоўцы, як ён сапраўды страціў тады розум і проці ночы пабег немаведама куды і ледзь не трапіў у абдымкі Любы. Што, калі ён зноў не зразумее, не паверыць, што толькі выпадак, выключны выпадак звёў іх разам? Як гэта будзе страшэнна крыўдна і абразліва!«Не,— пераконвала яна сябе,— тады ён быў малады, неразумны, і нас нішто не звязвала. А цяпер ён сталы, ён сам пройдзе праз вялікія выпрабаванні і пакуты, і цяпер у нас дачка. Як жа ён зможа хоць на хвіліну ўсумніцца ў маёй сумленнасці і адданасці! Нарэшце, яму скажуць Поля, Данік, Уладзімір Іванавіч... »Потым ёй стала цяжка не ад таго, што гэта можа здарыцца, што Пеця прыраўнуе, а ад таго, што ў яе з"явілася такая думка аб ім, якая нібы кідала цень на светлы вобраз мужа. Выходзіла так, быццам бы яна, Саша, кепска ведае бацьку сваёй дачкі і сумняваецца ў яго розуме, шчырасці, высакародстве. Праз гэта яна доўга пакутавала.Партызаны перадавалі цераз хлопцаў медыкаменты, рыбін тлушч, і Лялькевіч пры добрым Сашыным і Поліным доглядзе хутка ачуняў, раны яго «гаіліся, як ад жывой вады»,— жартаваў ён сам. Праўда, тлушч ён рэдка піў — аддаваў Ленцы: малой спадабалася прысмака, і шчокі яе за які-небудзь тыдзень прыкметна паружавелі. У вогуле яго адносіны да Ленкі таксама выклікалі ў Сашы незразумелую трывогу і рэўнасць. Вельмі ж ужо ласкавы і чулы быў гэты чужы чалавек да яе дачкі. Саша доўга пазбягала пакідаць Ленку з ім. Але гэта рабілі Поля і Данік, і камісар атрада цудоўна спраўляўся знялёгкімі абавязкамі нянькі. Вярталася Саша, хапала дачку на рукі, а яна плакала і цягнулася назад, да ложка, на якім сядзеў ці ляжаў Лялькевіч. У Сашы балюча шчымела сэрца. I ў той жа час самую яе нейкая невядомая сіла цягнула да гэтага чалавека. Яна не памылілася, калі падумала, што ён прыйшоў не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны. Ён адразу ўзяў у свае рукі кіраўніцтва іх групай, цяпер уся дзейнасць маладых падпольшчыкаў накіроўвалася ім.Але, відаць, не толькі іх групай ён кіраваў. Трымаючы шчыльную су вязь з атрадам, ён рабіў нешта значна большае... Недарма ўжо праз некалькі дзён паслаў ён Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданием. Праз яго Саша даведалася нарэшце, хто такі Стары, імя якога хлопцы ўтойвалі нават ад яе, члена арганізацыі.Увечары перад Калядамі за акном іх хаты пачуўся моцны і прыгожы мужчынскі бас:Шчадрую, шчадрую,Каўбасу чую.Дайце каўбасу —Дамоў панясу,Дайце другую —Яшчэ пашчадрую... Потым той жа голас выгукнуў на ўсю вуліцу:— Хлопцы! Вы давайце далей, а я забягу ў гэтую хату. На каўбасу тут надзея малая, але хачу паглядзець, што за чалавек прыйшоў да Хведаравай дачкі. Кажуць, песні ведае. Можа, мы спеліся б з ім!— Каваль наш. Дзівакаваты чалавек. Сам каваль, і прозвішча Кавалёў,— растлумачыла Саша Лялькевічу, які моўчкі ляжаў на ложку і прыслухоўваўся да шчадровак за акном. Яны толькі двое былі ў хаце. Саша гатавала вячэру. Занятая сваёй справай, яна не бачыла, як усміхнуўся камісар. Ды і цяжка было ўбачыць: хату толькі напалавіну асвятляў чырванаваты дрыготкі водбліск агню, што гарэў на прыпечку; кут за грубкай, дзе стаяў ложак, тануў у змроку.