Трывожнае шчасце, частка 2
Нічога не сказаўшы, Данік выйшаў з хаты. А хвілін праз пяць прынёс рускую вінтоўку без затвора, нямецкі аўтамат з раструшчаным прыкладам і цынкавую скрынку патронаў.— Вось што я знайшоў... Бяры,— працягнуў ён зброю Кузьме ўсё з той жа задаволенай усмешкай, быццам радаваўся, што знайшлося каму перадаць.Поля ажно ахнула:— Божа! Ты хаваў такія цацкі? На шыбеніцу захацеў, дурань гэткі?— Усё? Больш нічога няма?— сурова спытаў Кузьма, разглядаючы аўтамат і мяркуючы, ці можна яго адрамантаваць: было б чым выхваляцца перад іншымі начальнікамі пастоў, бо зброі ў іх не густа.— Я на шыбеніцу не хачу,— адказаў Данік.Кузьма зарагатаў і па-сяброўску ляпнуў яго па плячы:— Правільна, братыш! Малайчына. Глядзі, які ты вырас! Я цябе гады два не бачыў! Мужчына! Будзеш правільна весці сябе — у паліцыю вазьму. Хочаш?— Поля не пусціць,— пакорліва і наіўна схіліў галаву Данік, хітра іграючы на пачуццях старэйшай сястры.А Поля пасля гэтых слоў як бы зноў адчула сваю ўладу над ім.— Што ты плявузгаеш, Кузьма? Паліцая знайшоў! Вось вазьму папругу — усю скуру спушчу на тваім паліцаі. Я яму яшчэ гэтыя цацкі не дарую. Знайшоў, што цягнуць у хату!— Ого, строгая яна ў цябе... маці,— жартаўліва штурхнуў Кузьма юнака.— Каб і цябе маці з рук не выпусціла, можа, чалавекам астаўся б,— забылася Поля на асцярожнасць, якой прытрымлівалася ў размове з ім.Кузьма нахмурыўся:— Ну, ну... Што ж я цяпер — не чалавек, па-твойму?«А ты яшчэ лічыш сябе за чалавека? Здраднік ты, а не чалавек!» — вельмі хацелася Сашы крыкнуць з печы ў твар яму гэтыя пякучыя словы. Але яна стрымалася: навошта нажываць ворага, ды яшчэ і раздражняць яго. Выконваючы зарок, які дала сабе, яна не сказала больш ніводнага слова, пакуль паліцай размаўляў з Данілам і Поляй. Калі ж ён нарэшце, забраўшы зброю, развітаўся, па ўсім відаць, задаволены сваім візітам, сваёй уладай над людзьмі, Саша са знявагай кінула брату:— Заечая твая душа!Ён змаўчаў на гэтую абразу. А Поля ўхваліла яго ўчынак:— Што ты, Саша! Дзякуй Богу, што ў яго хапіла розуму аддаць гэта Кузьме, усё-ткі свой чалавек. Немцы знайшлі б — страшна падумаць, што маглі б зрабіць.Але калі праз колькі дзён Данік пачаў наведвацца ў школу, дзе размяшчаўся паліцэйскі пост, і весці сяброўства з Кузьмой і Колькам Трапашам, Поля катэгарычна запатрабавала:— Каб нагі тваёй там не было! Саша падтрымала старэйшую сястру:— Як табе не сорамна! А яшчэ плакаў над Алёшам Кошалевым і над дзедам... А цяпер цябе да паліцаяў пацягнула. Эх, ты!.. Хутка сваіх людзей пачнеш забіваць...— Не ваша справа,— агрызнуўся брат.— Ах, не наша?.. Ну дык ідзі!. . Ідзі, ліжы немцам боты, кланяйсяім...Юнак здрыгануўся, нейкі дзіўны цень упаў на яго твар. Ён утаропіў на Сашу вочы, у якіх таксама быў гэты цень. А яна, расчырванелая, узрушаная, з гнеўным бляскам у вачах, стаяла перад ім і сціскала кулакі.— Адзін ужо робіць гэта... твой брат і дружок... Ідзі і ты! Струп няшчасны!«Струп» — вулічная мянушка Данілы. Ніхто не помніў, з якой прычыны яе далі, але хлопец страшэнна крыўдзіўся. Ён адразу ўзгарэўся і, мабыць, не знайшоўшы больш нічога, чым можна ў адказ дапячы сястры, крыкнуў:— Ты!.. Ты прыехала са сваёй байстручкай, дык маўчы!..Саша задыхалася ад абразы. Яе Ленку, самае дарагое і светлае, што ёсць у яе пакутлівым жыцці, жывую часцінку Пеці, які ў гэты момант, магчыма, сцякае дзе-небудзь крывёю,— іх роднае дзіця назвалі такім зняважлівым словам!.. Хіба можа маці пачуць такое і вытрываць? Саша ўляпіла брату аплявуху. Ашаломлены, ён спачатку адскочыў, ухапіўся за шчаку, а потым тыграм кінуўся на Сашу,