Трывожнае шчасце, частка 2
Саша падняла галаву і глянула на Лялькевіча, позіркі іх сустрэліся. У яго запалых вачах бліснулі расінкі слёз. Ён выцер іх пальцамі. Саша кіўнула яму, як блізкаму чалавеку, і працягнула сваю насавую хустачку. Ён узяў яе і выцер вочы. Удзячна ўсміхнуўся ў адказ і падняў шклянку, моўчкі запрашаючы выпіць. Саша паказала позіркам на калыску: нельга, мне карміць дачку.— Нічога, Сашачка, спаць лепей будзе ваша Ленка,— падтрымала яго запрашэнне цётка Ганна.Яны выпілі. За гэтай іх нямой размовай пільна сачылі ўсе прысутныя, і яна расчуліла і ўзрадавала гасцей. Значыцца, паміж Сашай і «Пецем» усё як мае быць, і абодва яны вунь як рады, ажно слоў не знаходзяць, каб выказаць сваю радасць. I ўсім стала хораша ад гэтага. Усе весела загаманілі, пачалі выпіваць. Цётка Ганна, відаць, трохі ап"янела. Ёй захацелася пацалаваць «Пецю». Яна цераз стол пацалавала яго худую калючую шчаку. I новая думка асяніла яе.— Сашачка! Мы ж на тваім вяселлі не былі. Дык няхай жа сустрэча гэтая і будзе вяселлем для нас, бо што ў вас там раней было, мы не ведаем...У Сашы заняло дух і самлелі рукі ад гэтай новай выдумкі і прапановы. Праўда, дзядзьку Раману не спадабалася.— Што ты мелеш, жонка! Якое табе яшчэ вяселле!— А якога ты хацеў цяпер? Сабраліся людзі, радуюцца, што сустрэліся маладыя, можа, іх шчасце вярнулася — вось табе і вяселле!Аксана, як толькі пачула пра вяселле, выцерла рогам хусткі вочы і разам са слязамі як бы сцерла з твару ўвесь смутак і гора: кінула гарэзлівы позірк на «жаніха» і «нявесту», пляснула ад задавальненнярукамі.— Праўду кажа цётка Ганна! — Узяла шклянку, прыгубіла і зморшчылася, закруціла галавой.— Ой, горка!Ганна і суседкі-бабулі адразу падтрымалі яе:— Горка! Горка!Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, а ў грудзях стала пуста і холадна. Яна адчувала, што Лялькевіч глядзіць на яе, чакае, і баялася ўзняць вочы. З-за яго спіны Данік моцна ппурхануў яе ў бок; брат загадаў: рабі што трэба!— Божачка мой! — засмяялася Аксана.— Дзіця нарадзіла, а саромеецца, як малая!Лялькевіч устаў, абапіраючыся на стол. Данік штурхануў сястру другі раз. Тады Саша таксама паднялася, рашуча паклала рукі на яго плечы, але глянуць у вочы не адважвалася. Убачыла, што на гімнасцёрцы ў яго армейскія гузікі з зоркамі, і падумала, што гузікі трэба замяніць на звычайныя, каб часам які-небудзь п"яны паліцай ці немец не прычапіўся. За гэтай старонняй думкай яна амаль не пачула, як ён пацалаваў — ледзь дакрануўся да яе вуснаў. Але жанчыны весела зашумелі, і Саша, схамянуўшыся, глянула на іх дзёрзка, смела і таксама засмяялася. З гэтага моманту яна пачала іграць ролю жонкі зусім натуральна.Цётка Ганна заспявала вясельную:Ой, ляцелі гусачкі цераз сад, Крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад...Падхапілі жанчыны. Заспяваў Лялькевіч, за ім — Саша.Не скончылі адну песню, як часта гэта бывае ў бяседзе,— адна з суседак зацягнула другую, працяжную і сумную:Ляцяць, ляцяць шэрыя гусі цераз сад, Вядуць, вядуць сіротачку на пасад...Саша не ведала слоў гэтай старой песні. Лялькевіч успомніў, што песня занадта жаласлівая, што Сашу, якая расла без маці, яна можа засмуціць, а таму, перапыніўшы жанчын, заспяваў іншую: Як сарву я ружу-кветку Ды пушчу на воду...Магчыма, на нейкі момант людзі забыліся, што недзе лютуюць вайна і смерць. Ім захацелася хоць хвілінку нейкую пабыць там, дзе заўсёды славяць жыццё і маладосць,— на сапраўдным вяселлі. Колькі цудоўных, душэўных песень склаў народ аб гэтай падзеі — сумных, вясёлых, сур"ёзных, смешных! Колькі чароўнай прыгажосці ў вяселлі! Дык як жа не забыцца пра ўсе навалы, убачыўшы перад сабой маладых?